Тадэвуш Кандрусевіч: Хрыстус нарадзіўся, не бойцеся прыняць Яго!

72
Тадэвуш Кандрусевіч. Фота сatholic.by

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч перад святамі Божага Нараджэння скіроўвае сваё традыцыйнае пасланне да духавенства, вернікаў і ўсіх суайчыннікаў, пiша catholic.by.

Дарагія браты і сёстры, суайчыннікі!

«Хрыстус нарадзіўся, Бог аб’явіўся».

Гэтымі словамі мы абвяшчаем радасць свята Божага Нараджэння, якое найперш павінна насіць духоўны характар, бо Бог у вобразе чалавека ўвайшоў у нашае жыццё.

…Евангельскі аповед пра нараджэнне Хрыста ўжо 20 стагоддзяў зачароўвае сэрцы людзей. Яслі з Немаўляткам Езусам, Марыяй, Юзафам і хатнімі жывёламі; пастушкі, анёльскія хары і бэтлеемская зорка. Гэта ўсё так прыгожа і так захапляе, што мы становімся падобнымі да дзяцей. Таму з радасцю паўтараем словы Евангелля:
«нарадзіўся сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан».

Езус збавіў нас ад граху. Але ці на гэтым Яго заданне завяршылася? У наш час шматлікіх крызісаў мы ўсё больш пераконваемся, што без Божага ўмяшальніцтва не зможам вырашыць нашых праблем.

А іх шмат. Найперш гэта крызіс сям’і, якая з’яўляецца падмуркам грамадства. Большасць сем’яў знаходзяцца ў разводзе. Таму падмурак нашага грамадства нетрывалы, што не абяцае яму добрай будучыні, бо дзеці застаюцца без належнай апекі і выхавання абодвух бацькоў. Хто іх выхоўвае? Не сям’я, а вуліца і сродкі масавай камунікацыі. У выніку дзеці ізалююцца і становяцца залежнымі ад сучасных тэхналогій і амаральных звычак.

Завоблачныя лічбы паказвае статыстыка абортаў. Мы павінны шанаваць жывёл і годна ставіцца да іх. Але ці не здзіўляе нас тое, што за забойства сабакі нас могуць пакараць, а забойства дзіцяці ва ўлонні маці дазволена? Сям’я, якая павінна быць «санктуарыем жыцця», ператвараецца ў месца самагенацыду нацыі.

Амаральная сексуальная адукацыя ўсімі праўдамі і няпраўдамі прасоўваецца ў навучальныя ўстановы і грамадства. Адкідваецца традыцыйная мадэль сям’і і прапагандуюцца аднаполыя саюзы.

Такая і падобная практыка сучаснага жыцця вядзе ў бездань. А свет без Бога з’яўляецца светам згубленага чалавецтва, як кажа Папа Бенедзікт XVI. Таму мы павінны сказаць наша рашучае «не» антыхрысціянскім тэндэнцыям!

У ноч Божага Нараджэння анёл сказаў пастушкам: «Не бойцеся!» Гэтыя словы адрасаваны таксама і людзям нашага часу, падобна як 20 стагоддзяў таму яны былі
скіраваны да пастушкоў. Мы атрымалі Збаўцу, які не пакідае нас адных і заўсёды бароніць. Гэта самая вялікая радасць і адзінае вырашэнне ўсіх нашых праблем.

Езус кажа: «Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку». А калі Ён з намі, то і мы павінны быць з Ім, бо ў Яго былі ўключаны ў сакрамэнце хросту. Калі Бог з намі, то хто супраць нас?

У сучасным свеце абарона праўды і барацьба за хрысціянскія каштоўнасці патрабуе надзвычайнага гераізму. Дзякуй Богу, у нас скончыўся час ганенняў на веру. Аднак наступае час ганенняў «у белых пальчатках». Дэмакратычным спосабам прымаюцца нязгодныя з Божым правам законы, вера спіхваецца на перыферыю жыцця і высмейваецца, адбываюцца акты блюзнерства, прафанацыі і знішчэння рэлігійных сімвалаў. Чыніцца ўсё гэта найчасцей на падставе правоў чалавека на абсалютную свабоду і талерантнасць без маральнай адказнасці…

Цыцэрон казаў, што вяршыня закона з’яўляецца вяршынай беззаконня. Таму самая вялікая талерантнасць становіцца вяршыняй неталерантнасці. Разбураецца ўстаноўлены Богам маральны парадак. Прапагандаваць амаральныя справы становіцца нормай, а маральныя – праблемай. У выніку наступае сістэматычная маральная дэградацыя чалавека, сям’і і цэлых народаў.

Касцёл атрымаў ад Езуса місію абвяшчэння Евангелля ўсяму чалавецтву, і ніхто, таксама і людзі нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі, не можа быць пазбаўлены магчымасці пачуць Добрую Навіну. Аднак у імя вернасці сваёй місіі Касцёл павінен абвяшчаць поўнае Евангелле – не выключаючы яго патрабаванняў. Павага да асоб нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі не можа весці да прыняцця ідэалогій, якія імкнуцца перавярнуць традыцыйныя хрысціянскія звычаі з ног на галаву і ўчыніць рэвалюцыю ў галіне маральнасці, што вядзе да духоўнага спусташэння, кажа Папа Францішак.

У наш час супрацьстаяння Божай праўды з неаязычніцтвам мы становімся перад неабходнасцю радыкальнага этычнарэлігійнага выбару: захаваць вернасць вучэнню Хрыста ці ігнараваць яго.

Праз служэнне Касцёла Хрыстус прыходзіць да нас, таксама як 20 стагоддзяў таму прыйшоў у Бэтлееме. Ён нічога не адбірае, а толькі ўзбагачае духам мудрасці і любові, міласэрнасці і трываласці, а таксама адорвае супакоем, радасцю, шчасцем і новай надзеяй.

Таму неабходна адчыніць дзверы Хрысту, бо толькі ў Ім мы зможам пазнаць саміх сябе, як заклікае Святы Ян Павел II, якому прысвечаны наступны Пастырскі год у Касцёле на Беларусі.

Віншую ўсіх вас з радасным і збаўчым святам Нараджэння Хрыстовага!

Віншую хрысціян, якія разам з намі яго адзначаюць!

Са словамі віншаванняў звяртаюся да нашых братоў і сясцёр праваслаўных, якія праз два тыдні будуць адзначаць свята Божага Нараджэння!

Віншую ўсіх людзей добрай волі!”, – гаворыцца ў звароце Тадэвуша Кандрусевіча.

Поделиться ссылкой: