Аляксей Язылец

Карэспандэнт «Народнай Волі» пагутарыў з чалавекам, для якога падарожжы – справа ўсяго жыцця.

У наступным годзе Аляксей ЯЗЫЛЕЦ адзначыць своеасаблівы юбілей – 25 гадоў, як ён вандруе па ўсім свеце. А пачалося ўсё са школы і футбола…

– У школьным узросце я любіў геаграфію і футбол, – кажа Аляксей. – З 9 гадоў балеў за мінскае «Дынама», мне падабалася не толькі сачыць за дамашнімі матчамі каманды, але і знаёміцца з іншымі гарадамі, калі «Дынама» гуляла на выездзе.

Праўда, на той час я яшчэ не думаў, што падарожнічаць па розных краінах стане захапленнем, але, як кажуць, апетыт прыходзіць падчас ежы. Спачатку знаёміўся ў іншых гарадах з помнікамі архітэктуры, наведваў вядомыя месцы, а затым зразумеў, што мне цікавыя і людзі.

Так усё і пачалося. Першы раз самастойна за мяжу паехаў, калі мне было 12 гадоў, і гэта было дастаткова кароткае падарожжа ў Маскву. А больш усвядомлена пачаў падарожнічаць ужо ў 17 гадоў.

– Як бацькі паставіліся да вашага захаплення?

– Я ж не адразу вырашыў паехаць у Судан альбо Эфіопію. Да далёкіх падарожжаў рыхтаваўся паступова. Спачатку знаёміўся з Беларуссю, пазней паехаў у Польшчу, у больш аддаленыя рэгіёны. Я тлумачыў бацькам, што ўжо набраўся пэўнага вопыту і валодаю адпаведнымі ведамі, таму за мяне не варта перажываць. І яны з часам прызвычаіліся. У чэрвені наступнага года будзе ўжо 25 гадоў, як падарожнічаю.

Вандроўнік

– Першую сур’ёзную вандроўку памятаеце?

– У 1999 годзе было падарожжа па Еўропе, мне тады быў 21 год. Праехаў Польшчу, Германію, Бельгію, Галандыю, Францыю. Памятаю, грошай тады давялося пазычыць, але ў Англіі ўладкаваўся на працу і правёў там каля пяці месяцаў.

Працаваў на сельскагаспадарчых работах, яшчэ перад паездкай дамовіўся на гэты конт з мясцовым фермерам. Збіраў гарбузы, кукурузу, за гадзіну атрымліваў каля 4 фунтаў, за дзень – 30–40. Гэтага хапала, ды і праца для маладога хлопца была нескладаная.

А больш сур’ёзныя падарожжы пачаліся ў 2004 годзе, калі стаў ажыццяўляць экспедыцыйныя вандроўкі. Першая была вакол Турцыі праз Грузію. Вельмі цікава было падарожнічаць па Курдыстане, па Усходняй Турцыі – рэгіёне зусім не турыстычным, але вельмі прыгожым і каларытным. Пазней былі Іран, Сірыя, Іарданія, Егіпет…

Матэрыял Алеся Сівага чытайце ў газеце «Народная Воля» за 24 снежня

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»