Фота http://new.naviny.by/

У апошні дзень года – 30 снежня – будуць судзіць паэта і палітыка Уладзіміра Някляева. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыях пратэсту супраць “паглыбленай інтэграцыі” Расіі і Беларусі, якія прайшлі ў Мінску 7 і 8 снежня. Пра гэта Уладзімір Някляеў паведаміў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы.

Распачынаюцца суды і над іншымі ўдзельнікамі пратэстных акцый. Як паведамляюць праваабаронцы, ужо на другі дзень свята Божага Нараджэння, якія святкуюць вернікі-каталікі 26 снежня, пяцярых пратэстоўцаў будуць судзіць у Віцебску і Мінску. Суды за антыінтэграцыйныя пратэсты прадоўжацца 27 і 30 снежня – ўсяго супраць 11 удзельнікаў.

Пры гэтым святара аўтакефальнай праваслаўнай царквы айца Вікенція (Віктара Кавалькова) будуць судзіць двойчы – 26 і 30 снежня. Аднаго з арганізатараў пратэстаў Паўла Севярынца 27 снежня будуць судзіць паўторна. Яшчэ 18 снежня суд Савецкага раёна Мінска ўжо пакараў палітыка за заклік да ўдзелу ў мітынгах 15 суткамі адміністрацыйнага арышту. Аднак у гэты ж дзень яго вызвалілі з-пад варты без тлумачэнняў пра тэрміны адбыцця зняволення. «Гэткага цырка са мной яшчэ не было!», – заявіў у гэтай сувязі Павел Севярынец.

Падчас акцыі пратэсту «Дэпутаты незалежнасці супраць інтэграцыі», якая адбылася на Кастрычніцкай плошчы 21 снежня, Павел Севярынец заклікаў лідараў палітычных партый і рухаў 26 снежня а 12.00 правесці супольную нараду ў справе арганізацыі далейшых пратэстных акцый. Аднак пазней стала вядома, што за гадзіну да прызначанага часу палітыка абавязалі з’явіцца ў судзе.

Суды над удзельнікамі пратэстаў супраць, так званай паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расіі Павел Севярынец каментуе так: «Гэта адказ на пытанне, як Лукашэнка ставіцца да незалежнасці».

Судовыя працэсы супраць Уладзіміра Някляева, Паўла Севярынца, айца Вікенція і іншых удзельнікаў акцый пратэсту адбудуцца паводле артыкулаў 23.34 Адміністрацыйнага кодэкса аб удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пакаранне паводле гэтага артыкулу прадугледжвае штраф памерам 50 базавых велічынь альбо 15 сутак адміністрацыйнага зняволення.