У мінскай кнігарні «Акадэмкніга» адбылася прэзентацыя двух выданняў, прысвечаных Кастусю Каліноўскаму і ягоным паплечнікам – паўстанцам 1863 года. Прэзентаваныя кнігі падрыхтаваў даследчык-архівіст і літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч у супрацоўніцтве з дачкой, навукоўцам Камілай Янушкевіч. Пра змест выданняў сведчаць іх назвы: «І першым паказаўся Каліноўскі», а таксама «Партрэты паўстання».

«Партрэты паўстання» – гэта фотаэнцыклапедыя, якую складаюць больш за 280 фотаздымкаў паўстанцаў, якія аўтар адшукаў у архівах ня толькі Беларусі, але таксама Літвы, Польшчы і Украіны. «Гэта фотааанталогія героеў паўстання. І яны не ўсе: на жаль, некаторыя даводзілася не браць з-за нізкай якасці нават, калі гэта былі вялікія асобы. Затое ёсць фотаздымкі касінераў з прыватных збораў, якія ніколі раней не друкаваліся. Калі людзі даведваліся, якую тэму я вывучаю – прыносілі здымкі сваіх прадзедаў з сямейных архіваў», – паведаміў “Народнай Волі” Язэп Янушкевіч.

Кастусь Каліноўскі – ідэолаг беларускага змагання

«І першым паказаўся Каліноўскі» – гэта кніга гістарычных фактаў і біяграфічных звестак дваццаці аднаго паўстанца, знойдзеных на гары Гедыміна і пахаваных у Вільні. «Самае каштоўнае – гэта літаратурна-публіцыстычная спадчына Кастуся Каліноўскага, пададзеная на сямі мовах: беларускай, літоўскай, польскай, украінскай, нямецкай, англійскай ды іспанскай», – кажа аўтар выдання. «Гэта папулярызацыя спадчыны Кастуся Каліноўскага – ня ведаю яшчэ беларускіх змагароў за незалежнасць узроўню Кастуся Каліноўскага, які пакінуў бы такі магутны духоўны тэастамент. Кастуся Каліноўскага можна параўнаць толькі з Францішкам Скарынам: Скарына быў увасабленнем велічы духу эпохі асветніцтва, а Кастусь Каліноўскі – увасабленнем велічы эпохі змагання за свабоду. Вельмі многія патрыёты таксама пакідалі тэстамэнты, ведаючы, што ідуць на смерць. Але ўсе яны былі такія «прыземленыя» звароты да бацькоў, дзяцей, жонак. А Кастусь Каліноўскі – гэта ідэолаг змагання, ён пакінуў наймагутны тэстамэнт ня проста народу, а наступным пакаленням – у якім бачыў будучыню сваёй нацыі».

Кастусь Каліноўскі – ідэолаг беларускага змагання

Падчас прэзентацыі кніг у гонар Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863 года, Язэп Янушкевіч таксама прэзентаваў выданні, якія выйшлі да 200–годдзя беларускага кампазітара Станіслава Манюшкі, якое адзначалася сёлета: «Станіслаў Манюшка», гісторыка-літаратурны зборнік «Літоўскі Пеўнік або мой Манюшка», «Вінцэсь Дунін-Марцінкевіч. Выбраныя творы».