Лявон Вольскі / Еўрарадыё

«Яндэкс» запісаў для галасавога памочніка «Аліса» казкі на беларускай мове. У агучцы ўдзельнічалі беларускія музыкі. Лявон Вольскі начытаў казку «Баран бок абадран», спявачка Shuma расказала «Сляпы, глухі і бязногі», а музыкі гурта NaviBand запісалі дуэтам казку «Піліпка-сынок». Усе артысты самі выбралі гісторыі, якія ім бліжэй, і прачыталі так, як чыталі б уласным дзецям, перадае Еўрарадыё.

Для таго, каб галасавы памочнік прачытаў казку, трэба сказаць: «Аліса, пастаў казку ад Лявона Вольскага». Што праўда, прасіць давядзецца па-руску, а ў беларускіх словах галасавы памочнік «Яндэкса» блытае націскі.

Распрацоўшчыкі ўдакладняюць, што вельмі важны правільны парадак слоў. «Аліса, пастаў казку ад Лявона Вольскага» — правільна. «Аліса, ці ёсць у цябе казкі Вольскага» — няправільна.

«Казкі Алісы слухаюць ўсёй сям’ёй, а некаторыя дарослыя любяць іх нават больш, чым дзеці, — распавядае дырэктар па развіцці Яндэкса ў Беларусі Яўген Лашкевіч. — Народныя казкі расказваюць пра ўзаемадапамогу, смеласць, дабро, справядлівасць — і мы вельмі рады, што цяпер у Беларусі іх будуць слухаць на роднай мове».