Паэта і грамадзяніна вінавацяць у адміністрацыйным правапарушэнні.

“Напярэдадні 9-й гадавіны Плошчы-2010 прыйшло “пісьмо шчасця” з міліцыі ад палкоўніка С.Каліннікава, – распавёў Уладзімір Някляеў грамадскасці ў сацыяльных сетках. – Ён напісаў, што 8 снежня на Кастрычніцкай плошчы я трымаў у руках бел-чырвона-белы сцяг і выгукваў “Жыве Беларусь!”. І што дзіўна: я прачытаў гэтае пісьмо, зусім не здзівіўшыся. Як нешта звычайнае, чаго ў нашай краіне ўжо як бы і не можа не быць…

Ты купляеш квіток на самалёт, прылятаеш са Швецыі, каб быць у дзень, калі разглядаецца дакумент, паводле якога можа не стаць Беларусі, каб адстойваць яе незалежнасць, а цябе за гэта яшчэ і штрафуюць. Ці на суткі садзяць…

Вы задумваліся, што ў краіне адбываецца і якой уладзе вы служыце, таварыш палкоўнік?.. Ці пагоны задумацца не дазваляюць?..”