Аляксандр Класкоўскі

Да пачатку прэзідэнцкай кампаніі застаецца некалькі месяцаў, а пра моцнага альтэрнатыўнага кандыдата нічога не чуваць. Не, ахвочых аж занадта, аднак супольнага плана і належнага гуртавання сіл у апазіцыйным лагеры пакуль што няма. Няма нават сталай каардынацыйнай пляцоўкі.

Хіба што правацэнтрысты некалькі гадоў трымаюць кааліцыю, але ж там толькі тры структуры. Ды і ў іх, здаецца, капітальна падвісла задума зладзіць праймерыз, каб вызначыць патэнцыяльнага саперніка дзейнага прэзідэнта з трох прэтэндэнтаў – Мікалая Казлова (Аб’яднаная грамадзянская партыя), Юрася Губарэвіча (рух «За Свабоду») ды Паўла Севярынца (хрысціянскія дэмакраты).

Тым часам хрысціянская дэмакратка Вольга Кавалькова, не надта зважаючы на карпаратыўную дысцыпліну, таксама дэкларуе гатоўнасць пайсці на выбары. Такія ж намеры дэманструе выключаная з АГП Ганна Канапацкая. Заявіла пра жаданне балатавацца і іншая былая дэпутатка – Алена Анісім.

І гэта далёка не поўны спіс. Аб’яднанне «Гавары праўду», якое апрыёры абвясціла, што ні з кім кааперавацца не збіраецца, пэўна ж, будзе прасоўваць у кандыдаты Таццяну Караткевіч або Андрэя Дзмітрыева. Паплечнікі Мікалая Статкевіча маюць намер вылучыць яго, нягледзячы на судзімасць. Пакуль што не сказалі выразна свайго слова Партыя БНФ, «Справядлівы свет», сацыял-дэмакраты, а ў гэтых структурах – свае амбіцыйныя дзеячы.

Карацей, зноў вымалёўваецца пярэсты парад прэтэндэнтаў, а значыць – чарговае бязладдзе. Чаму так? Па-першае, працуюць асабістыя амбіцыі: хочацца як мінімум прапіярыцца. Па-другое, маюць месца ідэалагічныя супярэчнасці. Напрыклад, «Справядліваму свету» не хочацца падтрымліваць «нацыяналіста», а Партыі БНФ – наадварот, «левака». Па-трэцяе, ці не мацней за ідэалагічныя разыходжанні раз’ядноўваюць апазіцыю міжасабовыя цёркі лідараў. Нарэшце, каб стварыць у ёй хаос, спарадзіць чарговую мышыную валтузню, шчыруюць спецслужбы.

Палітыкаў без амбіцый не бывае, але ж варта як мінімум цвяроза ацэньваць сілы – асабістыя і сваіх арганізацый. Сёння ніводная партыя паасобку не мае актыву і рэсурсаў, каб сабраць сто тысяч подпісаў грамадзян, неабходных для вылучэння кандыдата ў прэзідэнты. Так што ўжо нават з гэтага гледзішча варта кааперавацца. І найлепей сабраць за адзінага кандыдата 150–200 тысяч подпісаў, каб уладам цяжка было яго не зарэгістраваць.

Некаторым жа з цяперашніх прэтэндэнтаў відавочна бракуе самакрытычнасці. Народ не кінецца падпісвацца за асобу без моцнага прафесійнага бэкграунду, без гісторыі асабістага поспеху. Просты люд спытае: а што гэты чалавек умее, акрамя як пісаць рэзалюцыі, ездзіць у Страсбург ці трымаць мегафон? Чаго ён дасягнуў па жыцці?

Увогуле, на мой погляд, ніводзін з апазіцыйных лідараў, што навідавоку ўжо не першы год, якімі б станоўчымі якасцямі ён ні валодаў, не мае шанцаў у якасці адзінага кандыдата заваяваць шырокі электарат. Бо за такой персонай апрыёры будзе цягнуцца доўгі шлейф параз усёй апазіцыі. На добры лад трэба шукаць свежага чалавека па-за партыйнымі коламі. Прычым не сацыяльнага аўтсайдара, а яркую асобу, што ўжо самарэалізавалася, набыла аўтарытэт у нейкай сферы. Але такога чалавека ўжо трэба было б раскручваць, іначай не хопіць часу.

Таксама варта, у тым ліку з дапамогай міжнароднай супольнасці, дамагацца дэмакратызацыі ўмоў выбараў. На вялікія зрухі спадзявацца не выпадае, але рэжым усё ж трохі ўлічвае і меркаванне Захаду.

Увогуле ж пры несправядлівых выбарах, калі галасы не лічацца сумленна, перамога апазіцыі магчымая толькі тады, калі, нягледзячы на афіцыйныя лічбы, у паветры будзе вісець адчуванне, што альтэрнатыўны кандыдат дэ-факта перамог, быў відавочна мацнейшы за лідара рэжыму. Тады сапраўды ўзнікае грунт, каб змагацца за скрадзеную перамогу пры дапамозе вулічных выступленняў. Звыш таго, пры такім раскладзе і ў кіроўнай эліце, і сярод сілавікоў могуць пачацца ваганні, раскол.

І як кепскі прыклад згадайма сітуацыю 2010 года, калі шматлікія апазіцыйныя кандыдаты размылі альтэрнатыву, расцягнулі галасы незадаволенага ўладай электарату. Кладучы руку на сэрца: ну чыю перамогу тады можна было адстойваць? Ды нічыю. Так што не паўтарайце, панове, памылку-2010. Тым болей што зараз улада наўрад ці стане рэгістраваць ледзь ці не ўсіх жадаючых (уключна з тымі, хто, як кажуць злыя языкі, здаваў ксеракопіі). Толькі выпусціце пару ў свісток – і ўсе роўненька сядзеце ў галёш.

Прычым шараговаму люду па барабане вашы падзелы на правых і левых, кансерватараў і лібералаў. Тыя, каму абрыдла слухаць 25-гадовы маналог адной дзейнай асобы, хочуць нарэшце ўбачыць выразную персанальную альтэрнатыву. У нашай палітычнай сітуацыі пракочвае толькі біпалярны варыянт. Так што кіньце вашы гульні ў нібыта рэальную шматпартыйнасць і байкі аб прасоўванні на выбарах партыйных ідэалогій. У нашай чорна-белай рэальнасці гэта глухі нумар.

У прыватных размовах апазіцыйныя дзеячы кажуць, што перамовы наконт адзінага, пошукі аптымальнай фігуры пакрысе ідуць. Але ж на добры лад дамовіцца варта было яшчэ ўчора. Бо іначай можа атрымацца, як заўсёды.

Між тым вылучыць моцнага супольнага кандыдата хаця б ад большасці структур (татальнага яднання, зразумела, не будзе) – гэта ў кампаніі-2020 адзіны для апазіцыі шанец захаваць твар. Іначай яе рэпутацыя акажацца разбуранай дашчэнту. З улікам суровых рэалій цяжка спадзявацца на перамогу, але гэты тайм няроўнай палітычнай гульні можна як мінімум адгуляць годна.

***

Газета «Народная Воля» № 99 (4454)