Францішак Скарына ў Кішынёве, Тадэвуш Касцюшка ў Марачоўшчыне, Алесь Адамовіч у Глушы… Гэтыя адлітыя ў бронзе героі розных эпох пазначаны пячаткай аднаго майстра – Гэніка ЛОЙКІ. Сябра мастацкай суполкі «Пагоня», ён носіць бел-чырвона белую стужку на галаве і гатовы бараніць свае нацыянальныя правы хоць у чыноўніцкіх кабінетах, хоць на Плошчы. Сёння скульптар – госць «Народнай Волі».

– Гэнік, за паўтара года паставіўшы тры помнікі славутым беларусам, ты адчуваеш сябе запатрабаваным скульптарам у гэтай краіне?

– А я заўжды быў запатрабаваны, нават калі рабіў керамічныя медалі. Хоць, прызнацца, пасля Тэатральна-мастацкага інстытута я не адчуваў сябе скульптарам. Я не ўяўляў сабе, як пайду працаваць, скажам, на мастацкі камбінат і буду змагацца з калегамі за дзяржаўныя заказы. Таму пайшоў у педагогіку. Выкладаў у сваім родным Парнаце – Рэспубліканскай школе выяўленчага мастацтва, у сталічнай СШ №185. Захапіўся керамікай, зрабіў медалі з выявамі Францішка Багушэвіча, Адама
Міцкевіча, Яна Чачота, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Язэпа Лёсіка, Ларысы Геніюш…

– Керамічны медаль і помнік у поўны рост – гэта зусім розныя рэчы. Хто табе прапанаваў зрабіць Касцюшку для Марачоўшчыны?

– Я лічу галоўным аўтарам гэтага помніка Глеба Лабадзенку, які ўсё так умела арганізаваў. Справа ў тым, што ў мяне ўжо быў гатовы эскіз. Перад гэтым Кансерватыўна-Хрысціянская партыя – БНФ папрасіла мяне зрабіць эскіз помніка Касцюшку для Швейцарыі, дзе ён пахаваны. Маўляў, яны звярнуліся да аднаго скульптара, але той загнуў такую цану!.. Ну, я зрабіў, адаслаў і раптам чую па радыё, што помнік для Швейцарыі робіць іншы скульптар. Я асабліва і не перажываў – хай робіць! І тут раптам спатрэбіўся помнік і для Марачоўшчыны. А ў мяне ён амаль гатовы.

– Я чытаў, што Касцюшку адлівалі ажно ва украіне. Чаму?

– Бо там танней, прычым значна. Пасля «ленінападу» ва Украіне, калі з пастаментаў былі зняты ўсе помнікі савецкім правадырам, там цана на бронзу ўпала, і мы гэтым скарысталіся.

– Помнік у Марачоўшчыне ўсталёўваўся на народныя грошы, сабраныя тым жа Лабадзенкам. А Скарына ў Кішынёве, наколькі я разумею, – дзяржаўны заказ. Як сёння аплачваюцца дзяржзаказы?

– У Кішынёве адкрываўся новы будынак амбасады Беларусі, там усё было з размахам. У палажэнні аб конкурсе, які раздалі скульптарам, значылася сума 150.000 рублёў. Калі стала вядома, што перамог мой праект, я ледзь не ашалеў ад радасці! Мы з жонкай вырашылі, што нарэшце зможам пабудаваць сабе дом. Але радаваліся мы нядоўга. Прыходжу ў Міністэрства культуры, а там мне кажуць: памылачка выйшла, лішні нуль прыпісалі. Сума мае быць 15.000 рублёў. Палову з гэтага пералічылі на ліцейны завод, палову аддалі мне…

Поўны тэкст гутаркі Міхася Скоблы з Гэнікам Лойка чытайце ў газеце «Народная Воля» за 17 снежня