Фота аўтара

Шасцю гадамі турэмнага зняволення пакараў суд Гомельскага раёна былога дырэктара  КЖУП “Буда-Кашалёўскі камунальнік” Сяргея Мішакова за хабарніцтва і наўмыснае перавышэнне службовых паўнамоцтваў з асабістай карыслівай зацікаўленасці, што нанесла істотную шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам і мела цяжкія наступствы. Яму забаронена займаць кіруючыя пасады на прадпрыемствах усіх формаў уласнасці цягам 5 гадоў. Суд вырашыў спагнаць з Мішакова на карысць “Буда-Кашалёўскага камунальніка” 138 мільёнаў рублёў шкоды, учыненай злачынствам, і 18 тысяч рублёў злачыннага даходу – на карысць дзяржавы.

Па адной справе з Мішаковым пакараныя таксама яшчэ два кіраўнікі: і за дачу хабару 2 гадамі зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму – дырэктар прыватнага прадпрыемства, грамадзянін Расіі Сяргей Вуглоў і 3 гадамі зняволення ў такой жа калоніі за атрыманне хабару – дырэктар  дзяржаўнага прадпрыемства “Навабеліцкае Гомель” Аляксандр Абраменка.

Выракі траім фігурантам крымінальнай справы абвешчаны судом 13 снежня. Цягам 10 дзён яны могуць быць апратэставаны альбо абскарджаны. Падрабязнасці “Народная воля” мае надрукаваць у бліжэйшы час.