Фота https://kupalauski.by/

Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь аднагалосна падтрымала ініцыятыву Купалаўскага тэатра аб неабходнасці надання спектаклю «Паўлінка» рэжысёра Льва Літвінава як тэатральнаму феномену статусу гісторыка- культурнай каштоўнасці.

Два дні таму перад саветам у Міністэрстве культуры гэтую прапанову абгрунтоўвалі народныя артысты Беларусі Марыя Захарэвіч і Арнольд Памазан, які больш за 30 гадоў выходзіў на сцэну ў ролі пана Адольфа Быкоўскага, а таксама генеральны дырэктар Купалаўскага тэатра Павел Латушка, загадчыца літаратурна драматургічнай часткі Вольга Бабкова і адна з вядучых артыстак тэатра Марта Голубева – наша сённяшняя Паўлінка.

Янка Купала напісаў «Паўлінку» ў 1912 годзе. Упершыню п’еса была пастаўлена
Фларыянам Ждановічам у 1913-м.

Купалаўскі тэатр ажыццявіў пастаноўку падчас вайны, у 1944 годзе, калі тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі ў Томску. З таго часу «Паўлінка» нязменна знаходзіцца ў рэпертуары Купалаўскага тэатра. Змяніліся чатыры пакаленні артыстаў, але публіка па-ранейшаму захапляецца гісторыяй пра тое, як дзяўчына, не збаяўшыся нязгоды бацькоў, выбрала сабе жаніха. Сакрэт поспеху спектакля ў яго прастаце, шчырасці і незласлівасці, лічаць крытыкі. Але ці можна толькі гэтым патлумачыць таінства стварэння сапраўднага шэдэўра?

Сёння «Паўлінка» з’яўляецца нацыянальным брэндам і сімвалам галоўнай драматычнай сцэны краіны.

***

Газета «Народная Воля» № 98 (4453)