Анжаліка Борыс

У першыя гады незалежнасці Беларусі Саюз палякаў быў адной з самых масавых грамадскіх арганізацый у нашай краіне – налічваў больш за 30.000 сябраў. Польская нацыянальная меншасць тады атрымала магчымасць будаваць свае школы, з беларускага бюджэту фінансавалася газета «Głos znad Niemna», што выходзіла ў Гродне. З таго часу шмат што змянілася. Сённяшняя госця «Народнай Волі» – Анжаліка БОРЫС, адна з актыўнейшых асоб сярод палякаў Беларусі .

– Пані Анжаліка, пачну нашу гутарку з камплімента. Вы так выкшталцона размаўляеце па-беларуску…

– Я ж вучылася ў беларускай школе ў вёсцы Падліпкі, гэта 25 кіламетраў ад Гродна. А польскай мове мяне навучыла мая бабуля.

– Колькі чалавек на сёння ўваходзіць у суполкі палякаў, якія падзяляюць вашы погляды?

– На сённяшні дзень у іх налічваецца па ўсёй Беларусі каля 12.000 чалавек. У Мінскім рэгіёне ў нас больш за 3000 чалавек, даволі шматлікія згуртаванні ў Брэсце, Баранавічах, Барысаве, Маладзечне, Мазыры, Браславе, Магілёве, Віцебску. Толькі на Гродзеншчыне дзейнічае больш за 60 нашых суполак – у Лідзе, Ваўкавыску, Бераставіцы, Шчучыне, Навагрудку, Мастах…

– Чым гэтыя суполкі займаюцца? Улады ж вам не вельмі спрыяюць…

– Галоўнае, каб не чыніліся перашкоды. Летась па ўсёй Беларусі мы правялі 138 розных мерапрыемстваў, сёлета іх будзе больш за 170. Наша дзейнасць – гэта нядзельныя школы, догляд месцаў памяці (у тым ліку могілак), мастацкія калектывы. У нашай гродзенскай школе – 1010 вучняў. У мінулым годзе іх было каля 600, амаль удвая прырост. У Баранавічах у такой школе навучаюцца 800 дзетак, у дзвюх брэсцкіх – 900, у лідскай – 300, у ваўкавыскай – 200, у мінскай – 300, у барысаўскай – 200. Мы арганізуем іх выезд у Польшчу, ладзім розныя святы. Скажам, неўзабаве пачнецца доўгатрывалая акцыя «Святы Мікалай» – калядныя мерапрыемствы, падарункі, фестывалі, конкурсы. Толькі летась мы перадалі дзеткам каля 4000 калядных падарункаў.

– Я ведаю, што ў Гродне і Ваўкавыску існуюць дзяржаўныя школы з польскай мовай навучання. Ці задаволены вы іх дзейнасцю?

– Названыя вамі школы былі пабудаваны за грошы польскіх падаткаплацельшчыкаў у 1996-м і 1999 гадах. На жаль, сёння польская адукацыя ў Беларусі абмежавана. Летась у 13 школах Гродна дзеткі вывучалі польскую мову на факультатывах. Сёлета – толькі ў сямі школах. Улады чамусьці не хочуць, каб вялікая колькасць школьнікаў
ведала польскую мову. Вось вам яскравы прыклад: у Воранаўскім раёне, дзе сярод жыхароў 83 працэнты палякаў (гэта афіцыйныя дадзеныя), польская мова прысутнічае толькі ў дзвюх школах. У самім Воранаве, дзе школьнікаў больш за 1000, польская
мова не вывучаецца зусім. Летась 200 вучняў вывучалі польскую мову ў гродзенскай гімназіі №1, сёлета адміністрацыя нам паведаміла, што ўрокаў польскай у іх больш не будзе.

– Вы, мабыць, ведаеце, што не ў лепшай сітуацыі ў Гродне знаходзіцца і беларуская школа. Існуе толькі некалькі класаў.

– Гэта ненармальна. У Беларусі паўсюль павінны быць беларускамоўныя школы! Нацыянальная школа – гэта моцны чыннік самаідэнтыфікацыі. Калі яе няма, народ папросту не існуе, яго можна паварочваць куды хочаш. Сёння ў Беларусі ідзе вельмі моцная русіфікацыя, найперш праз школы, і беларусы мусяць супрацьстаяць ёй. І мы, палякі, таксама, але нам, як нацыянальнай меншасці, гэта рабіць у 100 разоў цяжэй.

Поўны тэкст гутаркі Міхася Скоблы з Анжалікай Борыс чытайце ў газеце «Народная Воля» за 13 снежня