Фото с сайта МедиаКузбасс

Гомельскі абласны суд пакараў замежнага студэнта, які абвінавачваўся ў замаху на забойства і крадзяжы, 13 гадамі і адным месяцам пазбаўлення волі ва ўмовах калоніі ўзмоцненнага рэжыму. Пра гэта паведамляе прэс-служба аблсуда.

Абвінавачаны 20 сакавіка 2019 года напаў на сваю кватэрную гаспадыню падчас размовы ў салоне яе машыны. Дзяўчыне было на той момант 23 гады, студэнту – 19.

«Размова аб аплаце праходзіла ў салоне, студэнт знаходзіўся на пярэднім пасажырскім сядзенні. Нечакана ён нанёс дзяўчыне ўдар нажом у шыю. Пацярпелая выйшла з аўтамабіля і пабегла ў бок ажыўленага скрыжавання. Малады чалавек дагнаў дзяўчыну і нанёс ёй множныя ўдары нажом. На заклікі дзяўчыны аб дапамозе адгукнуліся мінакі, якія выклікалі хуткую дапамогу і міліцыю. Тым часам малады чалавек вярнуўся да аўтамабіля пацярпелай, выкраў яе сумку і ўцёк з месца здарэння», – паведамлялі раней у Следчым камітэце.

Пацярпелая выжыла, а нападніка хутка затрымалі.

Прэс-служба суду ўдакладняе, што студэнт хацеў забіць дзяўчыну з мэтай «пазбавіцца ад матэрыяльных выдаткаў па кампенсацыі ёй платы за карыстанне жылым памяшканнем».

Грамадзянства замежнага студэнта не называецца. Вучыўся ён на другім курсе Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Скарыны.