Фота:Еўрарадыё

Перадпрэм’ерны паказ гістарычнага блокбастара «Купала» перанесены па тэхнічных прычынах. Закрытая дэманстрацыя фільма была запланаваная на Дзень беларускага кіно, 17 снежня, у мінскім кінатэатры «Масква». Аднак, як расказаў Еўрарадыё рэжысёр карціны Уладзімір Янкоўскі, узніклі праблемы з фінальнай гатоўнасцю спецэфектаў.

«У мяне не да канца гатова камп’ютарная графіка, таму я папрасіў яшчэ тыдзень. Не магу паказваць няякасную графіку», — кажа Янкоўскі.

Па словах рэжысёра, камп’ютарная графіка задзейнічана ў фільме, каб «састарыць» Мінск і Вільню, дзе адбываецца дзеянне «Купалы».

Чакаецца, што перадпрэм’ерная дэманстрацыя фільма адбудзецца ва ўсё тым жа кінатэатры «Масква»: «Дзесьці ў перыяд з 24 да 26 снежня», — запэўнівае рэжысёр.

У пракат «Купала» выйдзе ў другой палове 2020 года. Перад тым баёпік паездзіць па фестывалях. Гістарычная драма пра лёс народнага паэта Беларусі Янкі Купалы — адзін з галоўных праектаў кінастудыі «Беларусьфільм» апошняга часу.