Плануецца, што такі помнік каралю Міндоўгу будзе стаяць у Навагрудку

Працягваюцца работы на другім этапе па стварэнню помніка каралю Міндоўгу ў Навагрудку. Над ім працуюць скульптары Сяргей Бандарэнка і Павел Лук. Патрэбны грошы.

Другі этап уключае ў сябе стварэнне мадэлі помніка, праектна-каштарысную дакументацыю, архітэктурны план, макет у натуральную велічыню. Папярэдне грамадзяне Беларусі сабралі 8200 рублёў. Прычым, грошы, паводле старшыні Навагрудскага аддзялення ТБМ Дзмітрыя Солтана, пералічылі пераважна фізічныя асобы.

“Улетку, калі прайшла хваля ў інтэрнэце аб тым, што на помнік Міндоўгу патрэбны грошы, беларусы адгукнуліся адразу, — распавёў “Народнай волі” Дзмітрый Солтан. –
Літаральна за некалькі тыдняў сабралі тыя 8200 тысяч рублёў. Зараз мы зноў звяртаемся да нашых грамадзян, бо сродкі патрэбны для далейшай работы. У прыватнасці, зараз яны патрэбны на праектна-каштарысную дакументацыю”.

Нагадаем, што ідэя ўсталяваць помнік першаму вялікаму князю і адзінаму каралю Літвы Міндоўгу ўпершыню была выказана і абгрунтавана ў 2003 годзе на Міжнароднай навуковай канферэнцыі, якая праводзілася ў Наваградку і была прысвечана 750- годдзю каранацыі князя (у 1253 г. ён атрымаў каралеўскую карону ад Папы Рымскага Інакенція IV і быў каранаваны ў Наваградку).

Устаноўка і адкрыццё помніка на гарадской плошчы ў Наваградку ўхвалена Міністэрствам культуры.