Фота: http://agriculture.by/

Міхаіл Русы вызвалены ад пасады памочніка прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектара па Магілёўскай вобласці.

Як паведамляе прэс-служба кіраўніка краіны, Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб вызваленні Міхаіла Русага ад пасады памочніка прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектара па Магілёўскай вобласці ў сувязі з пераходам на выбарную пасаду.

6 снежня падчас пасяджэння першай сесіі Савету Рэспублікі сёмага склікання Міхаіла Русага абралі старшынёй пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні.

26 сакавіка сёлета падчас працоўнага візіту ў Магілёўскую вобласць, нагадвае Белсат, Аляксандр Лукашэнка наведаў малочнатаварны комплекс у Шклоўскім раёне, дзе моцна абурыўся ўмовамі, у якіх утрымліваюцца каровы.

На наступны дзень, 27 сакавіка, Лукашэнка звольніў віцэ-прэм’ера Міхаіла Русага і міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца. Але ўжо 1 красавіка прызначыў іх адпаведна памочнікам прэзідэнта – інспектарам па Магілёўскай вобласці і старшынёй Магілёўскага аблвыканкаму.

«Гэта загад: вы ўдваіх едзеце ў Магілёўскую вобласць, навядзіце там жалезны парадак і дакладзіце мне. Я буду ў вас кожны месяц у Магілёўскай вобласці. Чым змагу, тым дапамагу. Але перш за ўсё вы там пасееце, як ​​трэба, па тэхналогіі. І на працягу месяца, калі вам трэба перавесці Магілёўшчыну на ваеннае становішча, як цяпер у «Купалаўскім», перавядзіце», – загадваў тады Лукашэнка.