Фота Facebook

Адзін з самых папулярных блогераў Беларусі NEXTA правёў творчую сустрэчу ў Варшаве. Як паведамляе Польскае радыё, спатканне са сваёй аўдыторыяй адбывалася на фоне таго, як беларуская дзяржава прызнала яго самы вядомы фільм «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы» экстрэмісцкім.

У 21-гадовага беларускага відэаблогера Сьцяпана Сьвятлова, вядомага пад псэўданімам NEXTA 317 тысяч падпісчыкаў у Youtube, 190 тысяч у Тэлеграме, амаль два мільёны праглядаў апошняга фільму.

Пра сваю працу, пра спецыфіку вядзення каналу ў Youtube ў беларускіх рэаліях, пра свае крыніцы ў органах дзяржаўнай улады распавядаў NEXTA прысутным на спатканні ў Беларускім доме.

Дзяржаўная прапаганда нярэдка называе Сцяпана ўтрыманцам спецслужбаў заходніх краін. Маўляў, NEXTA, гэта толькі прыкрыццё, за якім хаваецца разгалінаваная структура «варожых сіл».

Блогер распавёў, што 80% свайго часу прысвячае каналу. Цяпер актыўна прасоўвае Instagram, на чарзе VK.

Сяджу сам і прысвячаю каналу 80% свайго часу. Прызнаюся, гэта вельмі цяжка. Нягледзячы на ўсё, буду працягваць сваю дзейнасць. Зараз шукаю прыхільнікаў, людзей, якія будуць у стане дапамагаць у стварэнні кантэнту. (…) Крыніц фінансавання ў мяне няма. Усе прыходы адкрытыя і празрыстыя: манетызацыя на Youtube прыносіць прыкладна 400 долараў штомесяц, рэклама на канале ў Telegram. Гэта ўсё празрыста і адкрыта, ніякіх дадатковых сродкаў няма. Калі б яны былі, навошта займацца рэкламай у Telegram!? Не шукайце тут слядоў дзейнасці англасаксонскіх спецслужбаў.

Сустрэча з блогерам NEXTA праходзіла ў Беларускім доме ў Варшаве ўвечары 9 снежня.