Навошта беларуская апазіцыя паляцела ў Грузію?

128

Учора, 9 снежня, у Тбілісі завяршылася Восьмая сесія Парламенцкай асамблеі “Усходняга партнёрства” (Еўранест). Падчас сесіі адбылося пасяджэнне рабочай групы па Беларусі, на якім абмеркавалі бягучую палітычную сітуацыю ў краіне і вынікі парламенцкай кампаніі.

У Грузіі Беларусь прадстаўлялі Анатоль Лябедзька, Алена Анісім, Віталь Рымашэўскі, Аляксей Янукевіч і іншыя апазіцыйныя палітыкі.

«Гэта было першае пасяджэнне Еўранеста пасля парламенцкіх выбараў у Беларусі, і менавіта ацэнка іх стала важным пунктам абмеркаванняў, – адзначаюць палітыкі, якія бралі ўдзел у сесіі Еўранеста. – Вынікі назірання за выбарамі ў многім сведчаць, што новы склад Палаты прадстаўнікоў сфарміраваны, можна сказаць, адміністрацыйным чынам, а таму і парламент не можа лічыцца легітымным выразнікам волі беларускага народа. З гэтай нагоды дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання не могуць заняць прызначаныя для Беларусі крэслы ў Парламенцкай асамблеі “Усходняга партнёрства”.

“Еўрапейскія палітыкі расчараваны вынікамі парламенцкай кампаніі ў Беларусі, – выказвае Анатоль Лябедзька свае думкі пасля паездкі ў Тбілісі. – Ёсць верагоднасць, што будзе распачата дыскусія аб неабходнасці ўвядзення кропкавых санкцый у адносінах да тых, хто непасрэдна ўдзельнічаў у фальсіфікацыях.

Праўда, у Бруселя адсутнічае адзінае, узгодненае пасланне афіцыйнаму Мінску. Гэта стварае для Чырвонага дома даволі камфортную прастору для палітычнага манеўру. Еўрачыноўнікі робяць акцэнт на ўвядзенні мараторыя на смяротнае пакаранне. Пытанне, якое ніяк не ўплывае на перамены ў Беларусі.

Дэмакратычныя арганізацыі Беларусі вызначыліся з прыярытэтам №1 – незалежнасць краіны і сумленныя выбары паводле стандартаў АБСЕ. Гэта гучыць практычна як адзін голас, які нельга не чуць.

Еўрапарламент будзе трымаць Палату прадстаўнікоў у рэзервацыі дэпутатаў-чыноўнікаў, якіх, на думку незалежных назіральнікаў, не выбіралі выбаршчыкі. 10 крэслаў для Беларусі ў Парламенцкай асамблеі Еўранест, хутчэй за ўсё, так і застануцца пустыя. На пачатку 2020 года будзе агучаны фармат узаемадзеяння Еўрапарламента з беларускімі ўладамі.

Дарэчы, беларускія ўлады застаюцца галоўным спажыўцом грантавай дапамогі для Беларусі”.

Для даведкі

Парламенцкая асамблея Еўранест складаецца з 60 дэпутатаў Еўрапарламента і 60 дэпутатаў з шасці краін-удзельніц «Усходняга партнёрства» (па 10 прадстаўнікоў ад кожнай).

Каб удзельнічаць у Еўранесце, парламент павінен быць абраны ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі дэмакратычных выбараў. Сяброўства Беларусі ў Еўранесце было аўтаматычна прыпынена з-за адсутнасці ў краіне парламента, які адпавядаў бы гэтым крытэрыям.


Няма запісаў для адлюстравання