Чэмпіянат Еўропы па плаванні паказаў, што ў гэтага віду спорту ў Беларусі ёсць будучыня.

У мінулыя выхадныя 16-гадовая беларуская плыўчыха Анастасія Шкурдай заваявала золата на дыстанцыі 100 м батэрфляем на першынстве Еўропы на кароткай вадзе, які праходзіць у Вялікабрытаніі.

Таксама Ілля Шымановіч заваяваў серабро на дыстанцыі 100 м брасам, а мужчынская зборная Беларусі – бронзу ў эстафеце 4×50 метраў.

Адным словам, не самыя дрэнныя перспектывы…

Што тычыцца Насці Шкурдай, то юная спартсменка жыве ў Брэсце, яе трэніруе Вольга Якаўлеўна Ясяновіч. У красавіку 2017 года Анастасія стала самым маладым майстрам спорту міжнароднага класа ў гісторыі беларускага плавання. Хаця наогул магла не патрапіць у гэты від спорту.

«У дзіцячым садку мы двойчы ў месяц сядзелі на бальнічным, – распавяла TUT.BY маці спартсменкі Валерыя Уладзіміраўна. – Заўсёды! Насця нарадзілася з неразгорнутымі лёгкімі, вадкасць выцякала, у рэанімацыі ляжала. Калі ёй было тры месяцы, мы ўжо з запаленнем лёгкіх у шпіталі пабывалі. Аб плаванні нават і гаворкі не было.

Я пагадзілася адвесці Насцю ў басейн толькі таму, што ёй трэба было развівацца фізічна для ўмацавання арганізма, хаця хірург сказаў: «Вашу дзяўчынку ў плаванне ні ў якім разе нельга аддаваць – вікінг вырасце. Толькі на танцы». Я і марыла, што Насця будзе танцаваць, а атрымалася русалка».

Дзяўчынка настолькі захапілася плаваннем, што гэта стала для яе сэнсам жыцця. Хаця даводзілася складана.

«Я па дачцэ бачу, што гэта яе жыццё, – працягвае мама спартсменкі. – Калі Насця хварэе і вымушана прапусціць трэніроўку, то вельмі перажывае. Не можа адпачываць. Нават калі фільм глядзіць, то зачыняецца ў пакоі і робіць практыкаванні… Выходзіць – майка мокрая. Здаралася такое, што на вуліцы маразы каля мінус 20, а трэніроўка ў 8.00 пачынаецца. Я кажу: «Давай трэнеру пазваню, скажу, што ў цябе тэмпература была, што ты прастудзілася». Яна мне: «Ты ж мама, як ты такое можаш казаць?!» Шалік на шыю – і пайшла па сумётах».

У красавіку 2017 года Анастасія Шкурдай стала самым маладым майстрам спорту міжнароднага класа ў гісторыі беларускага плавання, затым абнавіла рэкорд краіны на дыстанцыі 100 м на спіне, які раней належаў нашай «залатой рыбцы» – трохразовай медалістцы а лімпіяд Аляксандры Герасімені.

3 студзеня Насці Шкурдай споўніцца 17 гадоў, так што ў яе яшчэ ўсё наперадзе. І новыя старты, і новыя перамогі…