Рабочая група Асамблеі НДА заклікала адказную грамадзянскую супольнасць выступіць у абарону дзяржаўнай незалежнасці Беларусі як каштоўнасці ўсімі даступнымі спосабамі, піша belngo.info.

Заява Рабочай групы Асамблеі НДА
06 снежня 2019 г.

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі стваралася як згуртаванне структураў грамадзянскай супольнасці, якія „вызнаюць каштоўнасці дэмакратыі, плюралізму, правоў чалавека, незалежнасці нашай краіны як перадумовы рэалізацыі грамадскай ініцыятывы“ (з устаноўчага ліста Асамблеі, 12 лютага 1997 году).

Незалежнасць як асноватворную для беларускай грамадзянскай супольнасці каштоўнасць сцвярджалі ўсе пазнейшыя дэкларацыі Асамблеі. У дэкларацыі прынцыпаў 2014 году Асамблея НДА заклікала да „працы, скіраванай на падвышэнне адказнасці кожнага грамадзяніна і кожнай грамады за сваю зямлю і сваю краіну, за лёс беларусаў як унікальнага народу і Беларусі як незалежнай дзяржавы, на ўмацаванне эканамічных, сацыяльных, міжнародна-праўных падставаў дзяржаўнай незалежнасці Беларусі як дэмакратычнай дзяржавы“.

Беларуская грамадзянская супольнасьць адзначае, што пагроза дзяржаўнай незалежнасці Беларусі з боку Расейскай Федэрацыі нарастае. Беларусь уцягваюць у эканамічную, вайсковую, інфармацыйную, моўна-культурную прастору і залежнасць ад суседняй дзяржавы. Праўныя акты рыхтуюцца таемна ад грамадства, што недапушчальна для жыццёва важных пытанняў лёсу беларускай незалежнай дзяржаўнасці.

Відавочная пагроза незалежнасці павінна спрыяць пошуку шляхоў паразумення ўлады з грамадствам Беларусі праз скасаванне ўсіх абмежаванняў на грамадскую дзейнасьць і працу мэдыя — каб свабодная грамадзянская супольнасць кансалідавала грамадства дзеля незалежнасці краіны.

Мы, прадстаўнікі незалежнай грамадзянскай супольнасьці Беларусі, лічым неабходным:

з боку дзяржавы

  • неадкладна апублікаваць праекты “дарожных мапаў” і іншых дакумэнтаў, падрыхтаваныя ў межах „Саюзнай дамовы“ з Расейскай Федэрацыяй;
  • спыніць абмежаванні і пераслед незалежнай грамадзянскай супольнасці, палітычнай апазыцыі, недзяржаўных мас-мэдыя;
  • выканаць свой абавязак перад грамадствам і спыніць усе захады, якія могуць прывесці да абмежавання ці знішчэння суверэнітэту Беларусі;

з боку адказнай грамадзянскай супольнасьці —

  • выступіць у абарону дзяржаўнай незалежнасці Беларусі як каштоўнасці ўсімі даступнымі спосабамі.