Павел Севярынец

У Беларусі пачаліся масавыя суды над актывістамі. Ім прысуджваюць вялізныя штрафы.

Учора ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска разглядаліся адміністрацыйныя справы
ўдзельнікаў перадвыбарных пікетаў і мітынгаў 8 і 16 лістапада.

Паўла Севярынца аштрафавалі на 1275 рублёў за перадвыбарную акцыю «Сход вольных людзей», якая прайшла ў сталіцы 16 лістапада.

Наста Гусева за ўдзел ў «Сустрэчы свабодных людзей», якую арганізаваў блогер NEXTA на плошчы Свабоды ў Мінску 8 лістапада, павінна заплаціць 765 рублёў.

Андрэй Кудзік і Уладзімір Цыгановіч аштрафаваны на 765 рублёў кожны, Арцём Чарняк – на 1275 рублёў.

Вольгу Нікалайчык аштрафавалі на 1275 рублёў за тое, што яна раздавала ўлёткі з заклікам прыйсці на акцыю «Сустрэча свабодных людзей» 15 лістапада. У дадатак яе асудзілі 2 снежня за акцыі, якія адбыліся 8 лістапада і 16 лістапада, і вынеслі пастанову аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 50 базавых велічынь (1275 рублёў).

За «дробнае хуліганства» штраф па 765 рублёў атрымалі таксама «маладафронтаўцы» Максім і Дзяніс Урбановічы.

Суды над актывістамі працягнуцца і сёння, але гэтым разам у судзе Маскоўскага раёна.

Гэты прысуд павінен быў даць адказ на пытанне: “Ці зацікаўлена сённяшняя ўлада ў масавых пратэстах за незалежнасць?” – кажа Павел Севярынец. – І адназначны адказ такі: зацікаўлена. Калі б гэта было інакш, то зараз я сядзеў бы на “сутках”.

А паколькі я на свабодзе, то гэта азначае, што ўлада, магчыма, спадзяецца выкарыстаць пратэсты за незалежнасць у перамовах з Уладзімірам Пуціным. На кароткі час інтарэсы беларускай улады і беларускай грамадскасці супалі.

– Пасля суда вас затрымалі…

– Мяне павезлі ў Фрунзенскі РУУС, каб скласці пратакол па яшчэ адной адміністрацыйнай справе – за заклікі на плошчу. Папрасілі даць тлумачэнні на відэа, і я пад запіс сказаў, што міліцыянеры, якія давалі прысягу абараняць незалежнасць краіны, таксама павінны далучацца да акцый у абарону суверэнітэту Беларусі.

Пасля гэтага я адмовіўся падпісваць пратакол і быў вызвалены. Шчыра кажучы, было крыху нечакана, бо ўжо быў з “трывожнай торбай”, якую перад судом заўсёды збіраю на выпадак, калі дадуць не штраф, а некалькі сутак адміністрацыйнага арышту. Гэтым разам абышлося…