Рыгор Сітніца

Старшыня Беларускага саюза мастакоў адбыў на пасадзе два тэрміны і сыходзіць. Праўда, гучаць галасы з ідэяй перапісаць статут арганізацыі, каб Рыгор Сітніца ўсё ж такі застаўся. 17 снежня адбудзецца чарговы з’езд Саюза мастакоў, які абяцае быць нясумным.

– Я больш не збіраюся балатавацца, – гаворыць пакуль яшчэ дзейны старшыня Саюза мастакоў Рыгор Сітніца «Народнай Волі». – Як кажуць, «я адплаціў народу, чым моц мая магла»… Я сапраўды зрабіў для Саюза ўсё, што мог. А далей нехта іншы будзе кіраваць.

Я ўжо даўно не належу сабе: ні ўвечары, ні днём, ні раніцай. Таму крыху адпачну і займуся тым, чым хачу. Хай маладзейшыя, спрытнейшыя прыходзяць. Усё вызначана нашым статутам, які я не збіраюся парушаць.

– Чым вы ганарыцеся, якіх поспехаў дасягнулі за гады старшынства?

– Асноўнае дасягненне – за 6 гадоў у нас не адбылося ніводнага скандалу. Усё было ціха, мірна, паважна. І нават ва ўмовах фінансавай нішчымніцы мы нарасцілі наш патэнцыял. Мы перанеслі рэспубліканскія выставы на абласныя пляцоўкі, чаго ніколі не было. Гэта значнае дасягненне! Здолелі пашырыць нашу маёмасць – на паўтары тысячы метраў набылі новы цэх для скульптурнага камбіната. Мы зрабілі шмат розных культурных аб’ектаў, помнікі паставілі…

Саюз працаваў вельмі актыўна, нягледзячы на не вельмі спрыяльныя ўмовы, якія, відаць, далей будуць яшчэ больш неспрыяльнымі. Але трэба вучыцца выжываць у любых умовах, што мы і рабілі.

Ёсць, канешне, адзінкі, якія крытыкуюць нашу дзейнасць. Гэта такія людзі, якія маюць патрэбу заўсёды некага ўкусіць. Сярод тых, хто кідае камяні ў наш бок, няма ніводнага значнага мастака…

Матэрыял Марыны Коктыш пад рубрыкай «Кулуары» чытайце ў газеце «Народная Воля» за 6 снежня