Фота https://wikiway.com/

Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі запрашае 8 снежня на прэм’еру легендарнага балета «Стварэнне свету» ў новай рэдакцыі Валянціна Елізар’ева.

Аб гэтым паведаміла вядучы рэдактар прэс-цэнтра — аддзела інфармацыі тэатра Алена Балабановіч, перадае БЕЛТА.

«У сярэдзіне лістапада Валянцін Елізар’еў пачаў работу над новай рэдакцыяй легендарнага балета «Стварэнне свету». Прэм’ера аўтарскай версіі спектакля, які жыве ў Вялікім вось ужо 43 гады, назначана на 8 снежня. Другі паказ — 10 снежня, трэці — 19 снежня», — расказала Алена Балабановіч.

Музыку да балета кампазітар Андрэй Пятроў напісаў па матывах папулярных малюнкаў французскага мастака Жана Эфеля, у якога біблейская гісторыя Адама і Евы расказана ў гумарыстычным рэчышчы. У 1971 годзе на сцэне Кіраўскага (цяпер — Марыінскага) тэатра з’явіўся балет «Стварэнне свету», — пастаўлены Наталляй Касаткінай і Васілём Васілевым. Партыю Адама выконваў Міхаіл Барышнікаў.

Як прызнаецца Валянцін Елізар’еў, ён з захапленнем працаваў над спектаклем са сваімі цудоўнымі суаўтарамі — кампазітарам Андрэем Пятровым, дырыжорам Уладзімірам Машэнскім, мастаком Яўгенам Лысікам. Дарэчы, Андрэй Пятроў спецыяльна для Вялікага тэатра стварыў музычную рэдакцыю спектакля. У арыгінале гэта трохактовы балет, але кампазітар так натхніўся задумай Валянціна Елізар’ева, што нават дапісваў нейкія фрагменты. А на прэм’еры ў Мінску ў 1976 годзе, віншуючы артыстаў і пастаноўшчыкаў, Андрэй Пятроў не мог стрымаць сваіх эмоцый і сказаў, што гэты спектакль можна назваць, бадай што, самым удалым з усіх, што на той час існавалі ў Савецкім Саюзе і за мяжой. Так лічылі і гледачы: на кожным спектаклі быў аншлаг.

«Сучаснага чалавека заўсёды будзе хваляваць біблейская тэма, закранутая ў спектаклі, — прадаўжае Валянцін Елізар’еў. — Бог стварыў чалавецтва, а ўжо яно ў сваю чаргу стварае сучасны свет, у якім павінна жыць надзея і існаваць гармонія. Раблю новую аўтарскую рэдакцыю балета, таму што разумею: паставіць спектакль у тым выглядзе, у якім ён існаваў дзесяцігоддзі, мне нецікава. Ды і ў тэатры змяніліся пакаленні артыстаў, вось ад іх індывідуальнасцей і творчых магчымасцей і буду адштурхоўвацца, каб глыбей раскрыць тэму чалавека і чалавецтва ў цэлым. Вярнуцца да гэтай работы мне надзвычай цікава».