На сцэне зьлева направа: Стась Шашок, Алана Гебрэмарыям, Жанна Нямцова, Вiталь Каратыш, Сяргей Альшэўскі. Фота: svaboda.org

Беларуская моладзь больш апалітычная, чым расійская і ўкраінская. Яна выступае за перамены, але баіцца «свяціцца». І выступае супраць інтэграцыі з Расіяй, бо не хоча быць «ускраінай на ўзбочыне» ды «паўночна-заходнім краем», паведамляе Радыё Свабода.

Расійская журналістка Жанна Нямцова, якая з 2015 году жыве і працуе ў Нямеччыне, прэзентавала ў Мінску вынікі сацыялагічнага даследавання «Няроўнасць і мабільнасць. Будучыня вачыма моладзі», для якога апытвалі моладзь Расіі, Беларусі, Украіны і Арменіі.

У Беларусі было праведзена 10 інтэрв’ю: 5 з менчукамі і 5 – з магілёўцамі, прычым і са студэнтамі, і з навучэнцамі ПТВ, расказала Жанна Нямцова, мадэратарка дыскусіі, што прайшла 4 снежня ў «Прэс-клубе».

Удзельнікі дыскусіі з беларускага боку – Сяргей Альшэўскі, выкладчык, кіраўнік праекту «Народны падручнік»; Віталь Каратыш, кіраўнік аддзелу даследаванняў кампаніі «НОВАК», дырэктар агенцыі «Тваё заўтра»; Алана Гебрэмарыям, сябра рады Задзіночання беларускіх студэнтаў; Стась Шашок, актывіст нефармальнага аб’яднання «Моладзевы блок». У залі каля сотні чалавек.

«У Беларусі няма сацыяльнай няроўнасці, бо мы ўсе бедныя»

«Беларусь вельмі моцна адрозніваецца ўзроўнем успрымання няроўнасці, сацыяльнага расслаення грамадства. Для Расіі, Украіны, Арменіі гэта вялікая праблема, жудасная несправядлівасць, невырашальная для моладзі. І толькі ў Беларусі рэспандэнтаў амаль не хвалюе праблема няроўнасці, людзі не так востра адчуваюць кантрасты», – сцвярджае, грунтуючыся на выніках даследавання, Жанна Нямцова.

Формула поспеху – «зваліць». Жанна Нямцова прэзентавала ў Мінску даследаванне аб настроях моладзі
Жанна Нямцова

Віталь Каратыш адказаў жартам: «Калі казаць пра сацыяльную няроўнасць, яна сапраўды не такая вялікая, бо мы ўсе бедныя – у абсалютнай большасці».

Сяргей Альшэўскі як выкладчык матэматыкі аперуе лічбамі: паводле Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў, 80% беларусаў маюць сродкі толькі на штодзённыя патрэбы і не могуць адкласці грошы, і толькі 5% рэгулярна адкладаюць на «чорны дзень».

Алана Гебрэмарыям таксама пацвярджае, што няроўнасць ёсць, але няма жорсткага падзелу на багатых і бедных.

А Стась Шашок цытуе знаёмых рускіх, якія, прыязджаючы ў Мінск, кажуць: «Хлопцы, у вас рэальны сацыялізм – і гэта крута!»

«У медыя любяць абмяркоўваць ІТ і заробкі ў гэтай сферы. Ёсць касты, якія зарабляюць прыстойна, але гаварыць пра няроўнасць у Беларусі не выпадае», – перакананы Стась Шашок.

У правінцыі магчымасцяў для моладзі значна менш, чым у сталіцы

Ці ёсць розніца паміж Мінскам і рэгіёнамі? – пытаецца мадэратарка дыскусіі Жанна Нямцова.

Віталь Каратыш сцвярджае, што, безумоўна, больш перспектываў у Мінску.

«Я сам прыехаў у сталіцу з маленькай вёскі. Але нам, «панаехаўшым«, каб выжыць, трэба прыкласці больш намаганняў, мы павінны змагацца, недасыпаць, мы гатовыя працаваць значна больш. І таму многія правінцыялы дабіваюцца значных поспехаў.Але я не бачу тут глабальнай праблемы. У нас паўсюль бедна. У Мінску – менш бедна, у правінцыі – больш бедна», – выказаў думку Віталь Каратыш.

Сяргей Альшэўскі таксама згодны, што ў маленькіх паселішчах магчымасцяў у моладзі значна менш. Імавернасць паступіць у ВНУ ў сельскай моладзі меншая, бо сярэдні бал ЦТ адрозніваецца ў сталіцы і на вёсцы прынамсі на 20 пунктаў.

Стась Шашок дадае, што ў амбіцыйнай моладзі з правінцыі спачатку стаіць мэта пераехаць у Мінск, а потым яна на Мінску не спыняецца, зʼяўляюцца новыя новыя мэты – пераехаць, да прыкладу, «у Піцер ці наагул за мяжу».

«Размеркаванне – прымусовае рабства»

Жанна Нямцова прызналася: толькі з вынікаў даследавання яна даведалася, што ў Беларусі дагэтуль існуе размеркаванне. «Беларусь у гэтым сэнсе – перадавік, альбо гэта анахранізм?» – пытаецца мадэратарка дыскусіі. І дадае, што для рэспандэнтаў з Беларусі размеркаванне было асноўным страхам.

Формула поспеху – «зваліць». Жанна Нямцова прэзентавала ў Мінску даследаванне аб настроях моладзі
Наведнікі сустрэчы

Віталь Каратыш выказвае адназначную думку: прымусовае размеркаванне – гэта форма гвалту.

«Але, як ні дзіўна, я чуў іншыя думкі ад моладзі, маўляў, «як гэта здорава, чалавеку гарантуецца першае працоўнае месца«. Не ведаю, можа, гэта добрая праца дзяржаўных ідэолагаў і прапагандыстаў. Але на маю думку – гэта ненармальна. Трэба думаць аб стымуляванні развіцця рэгіёнаў, да прыкладу, увесці каэфіцыенты да заробкаў, каб людзі хацелі там працаваць, бо на пэрыферыі можна добра зарабіць. Але не такім гвалтоўным чынам», – перакананы Віталь Каратыш.

Сяргей Альшэўскі дадае, што моладзь пасля адпрацоўкі не затрымліваецца на месцы размеркавання.

«Калі моладзь, адпрацаваўшы, «звальвае« ці нават гатовая заплаціць за адукацыю, каб не адпрацоўваць, гэта азначае: сістэма размеркавання неэфектыўная. Прымусовае рабства – не працоўны механізм. Калі мэханізм не працуе – яго неабходна мяняць. Як на мяне – лепш скасаваць размеркаванне», – кажа спадар Альшэўскі.

Алана Гебрэмарыям падае лічбы даследавання, якое «Моладзевы блок» праводзіў напярэдадні парламенцкіх выбараў: 65% выпускнікоў хочуць «адкасіць» ад размеркавання.

Віталь Каратыш дадае, што механізм размеркавання дрэнны не толькі для выпускнікоў, якіх накіроўваюць на працу, але і для працадаўцы: ён не можа звольніць чалавека, які мала што ведае, мала што ўмее і прынцыпова не хоча «выкладвацца» за мізэрны заробак. А працадаўца вымушаны яму плаціць і трымаць на працы.

«Механізм размеркавання, магчыма, не такі дрэнны, але кепска, што гэта абавязковае размеркаванне. Атрымліваецца, што абавязковае размеркаванне – гэта ўзаконенае рабства», – падводзіць вынік дыскусіі малады чалавек з залі.

У адрозненне ад Расіі і Ўкраіны, беларуская моладзь цалкам апалітычная

На думку Сяргея Альшэўскага, віна ў гэтым палягае і на дзяржаўных прапагандыстах і ідэолагах.

«Вы ведаеце такое, што «ШАГ«? «Школа актыўнага грамадзяніна«. Па чацвяргах у школу прыходзіць дзядзька з райвыканкаму. Дзеці ў нас прасунутыя, жывуць у інтэрнэце, а ім прамываюць мазгі. Ёсць яшчэ і БРСМ, у якога ў тэорыі ёсць і добрыя праекты, але ў рэалізацыі яны кульгаюць. Дзяцей караюць за тое, што яны няправільна думаюць», – кажа Сяргей Альшэўскі.

Стась Шашок прызнаецца, што пастаянна адчуваў ціск настаўнікаў, бо бацькі ў яго трымаліся апазіцыйных поглядаў.

«Мяне ў школе лічылі ледзьве не ворагам народу, прыдуркам, адмарозкам. У нас апошнія 25 гадоў сістэма рабіла ўсё, каб задушыць на корані актыўнасць, грамадзянскую свядомасць, Я цалкам згодны з думкаю і даследнікаў, і Жанны Нямцовай, што наша моладзь апалітычная, абыякавая, яна адрозніваецца нават ад старэйшага пакалення, якое ў 1990-я гады ладзіла пратэсты. Прычына – у страху», – перакананы Стась Шашок.

Ці ёсьць у Беларусі запыт на перамены?

Былая кандыдатка ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Алана Гебрэмарыям кажа, што пасля парламенцкай кампаніі яна зрабіла выснову: моладзь жаданне перамен мае, але баіцца «свяціцца».

«На пікеты, акцыі прыходзілі новыя людзі, але яны пакуль не гатовыя адкрыта выйсці з плакатамі. Нават актыўную моладзь адштурхоўвае тое, што няма як дагрукацца да ўладных структураў, якія прымаюць рашэнні, няма вагароў уздзеяння. Мы ладзілі пікет перад Міністэрствам адукацыі і запрашалі міністра Ігара Карпенку «на дыван», разумеючы, што ён ніколі да нас не выйдзе. Гэта было ад бяссілля, што нас не чуюць», – кажа Алана.

Станіслаў Шашок дадае, што інфармацыя да моладзі дзякуючы інтэрнэту даходзіць. І што беларуская моладзь таксама глядзіць Навальнага.

На гэту рэпліку Жанна Нямцова адказала рытарычным пытаннем: «Дык чаго ж у беларусаў няма свайго Навальнага?»

За мяжой вучацца каля 35 тысяч беларусаў. Бальшыня наўрад ці вернецца ў краіну

«Што ёсць формулай поспеху для беларускай моладзі? У Расіі ўсё больш людзей хоча эміграваць. Як у Беларусі? Гэта таксама эміграцыя?» – пытаецца мадэратарка дыскусіі Жанна Нямцова.

«Ну, не толькі» – раздаюцца нясмелыя галасы ў залі. Жанна задае канкрэтнае пытанне Алане Гебрэмарыям.

«Ня хочацца пачынаць з негатыўнага. Я прыгадваю, як Аляксандр Лукашэнка даваў інтэрвʼю прадстаўнікам недзяржаўных СМІ, і аналагічнае пытанне задала яму галоўная рэдактарка парталу tut.by Марына Золатава: маўляў, моладзь эмігруе, бо не бачыць перспэктываў. «Ну ты ж тут засталася, ты ж рэалізавалася», – пярэчыць ёй Лукашэнка.

Пэўныя людзі не хочуць прыкладаць намаганні ў Беларусі, думаюць, што ім лягчэй будзе рэалізавацца за мяжой. Юнакоў правакуе да эміграцыі служба ў войску. За мяжой зараз атрымліваюць адукацыю 35 тысяч маладых беларусаў», – прыводзіць лічбу Алана.

«У многіх маладых людзей формула поспеху – менавіта «зваліць«. І кантактуючы з моладдзю, разумееш: зʼехаць яны хочуць ад татальнай несвабоды. Ёсць некаторыя рэчы, якія, так бы мовіць, «вымарожваюць«: гэта размеркаванне, закон аб адтэрміноўках і пагроза службы ў войску», – кажа Стась Шашок.

Сяргей Альшэўскі расказаў, як ў 2013 годзе ён працаваў у Міністэрстве адукацыі і тады быў татальны правал школьнікаў на ЦТ. З краіны тады «зніклі» больш за 20 тысяч маладых людзей – яны масава зʼехалі паступаць, як пазней высветлілася, у Расію – ажно 24 тысячы. Але колькасць тых, хто паступае ў расійскія ВНУ, з 2014 году падае, затое істотна пабольшала ахвочых вучыцца ў Польшчы.

«Пяцікласнікі, якім я выкладаю, адкрыта кажуць, што зваляць адсюль, бо не хочуць служыць. Задайце ў google «вучоба за мяжой«. Гэта цэлы бізнес – у Горадні адкрыліся прыватная польская школа, дзіцячыя садкі з польскай мовай, паўсюль рэкламуюць рыхтаванне да паступлення ў Польшчу, Чэхію. Рэальна краіну зачышчаюць – разумная, талковая моладзь з’язджае», – сцвярджае Сяргей Альшэўскі.

Жанна Нямцова кажа, што паводле вынікаў даследавання, самымі прывабнымі краінамі эміграцыі для беларусаў ёсць Польшча і Літва.

«А вось Расія не называецца краінай, прывабнай для эміграцыі, – ні рэспандэнтамі з Беларусі, ні з Украіны», – канстатуе яна.

Уся заля – супраць інтэграцыі з Расіяй

І апошняе пытанне, надзённае, хоць яно не было прадметам даследавання, Жанна Нямцова сфармулявала так: «Паглыбленне інтэграцыі з Расіяй – гэта станоўчы ці адмоўны момант для беларусаў?»

Яна прапанавала прысутным падняць рукі: хто за тое, што гэта станоўчы фактар? Ніхто не падняў руку – уся заля супраць «інтэграцыі».

Вось некалькі аргументаў з залі:

«Як мне падаецца, інтэграцыя – гэта паглынанне Беларусі Расіяй. Мы можам стаць рэгіёнам Расіі. Калі будзе прынята рашэнне аб інтэграцыі, Беларусь страціць магчымасць прымаць нейкія важныя рашэнні на сваёй тэрыторыі. Цэнтралізаваная сістэма горшая, чым калі ў кожнага рэгіёну ёсць свой цэнтр, што прымае лякальныя рашэнні. Бо будзем ускраінай на ўзбочыне».

«Я ідэнтыфікую сябе як грамадзянка Рэспублікі Беларусі. І не хачу ідэнтыфікаваць сябе як грамадзянка нейкай іншай краіны. У мяне павінна быць свая тэрыторыя, дзе я жыву. Я не магу лічыць сябе беларускай на тэрыторыі федэратыўнае дзяржавы».

«Ня маю адчування, што ў Расіі лепш жывуць. Мы жывем у той жа інфармацыйнай прасторы, што і рускія: глядзім расійскае тэлебачанне, глядзім на ютубе Аляксея Навальнага. Мне здаецца, у Беларусі ўсё ж такі лепш і спакайней».

«Інтэграцыя мае на ўвазе роўнасць. Але пра якую роўнасць можа ісціся, калі рускіх 140 мільёнаў, а беларусаў – менш за 10? Калі будзе інтэграцыя, адбудзецца пераход на расійскае заканадаўства, выканаўчая ўлада будзе рускай. Нашы дэкрэты наконт ІТ працаваць не будуць. Ніякай гаворкі пра партнёрскія адносіны ісці не можа. Як можна добраахвотна на такое пагадзіцца?»

«У нас даўно не забіваюць за тое, што не так думаеш. Могуць выгнаць з працы, з вучобы і яшчэ дадуць магчымасць «зваліць«, каб не было шмат шуму. Але з «калашнікава« не прыб’юць у пад’ездзе ці пад мостам. Мне страшнавата было б у Расіі. Тут мы жывем хаця б не ў страху. Адчуванне магчымай інтэграцыі выклікае трывогу. Не хочацца зноў стаць Паўночна-заходнім краем».

«Прачнуцца заўтра ў Расіі, мне здаецца, немагчыма. Бо ў нас не такі дурны ўрад, каб абвясціць, што з заўтрашняга дня ў нас будзе агульны парламент, агульная ўлада, падатковая сістэма. Але я хвалююся праз сваё бяссілле. Мы можам выказацца, прыйсці на мітынг, напісаць у сацыяльных сетках. Але рэальна зьмяніць нічога не можам. І гэта сумна».

«Я ўжо год жыву з думкай, што з цягам часу мы можам апынуцца ў Расіі. Мо тады мы гэтую Расію развалім знутры? Магчыма, згубіўшы штосьці, мы зразумеем, як гэта для нас каштоўна. Не хацелася б туды, бо там яшчэ больш праблем. Але мяне шчыра натхняе, што ў Расіі ўжо пачаўся «варушняк«. Мяне ўзрушыла барацьба на мясцовых выбарах, мне гэта «ўзарвала« мазгі! Каб беларусы змагаліся за мясцовыя выбары – гэта наагул штосьці нерэальнае! І гэты «варушняк« не толькі ў Маскве і Піцеры – людзі ў рэгіёнах пачынаюць выказваць свае асабістыя думкі».