Ірына Дарафеева. Фота belta.by

4 снежня дэпутатка Палаты прадстаўнікоў шостага склікання, спявачка Ірына Дарафеева расказала Еўрарадыё, што падчас працы ў парламенце яе асабліва цікавіла творчая сфера.

«Я адстойвала правы непасрэдна аўтараў, гэта было важна, — кажа Дарафеева. — Але цяпер, прызнаюся шчыра, сама ўдзельнічаю ў маленькім судовым працэсе».

Спявачка судзіцца з беларускім паэтам і перакладчыкам, аўтарам папулярных песень Леанідам Пранчаком. Той падаў на яе ў суд, таму што Дарафеева без дазволу выпусціла 200 экзэмпляраў дыска з выкананай ёю песняй «Талака» на яго вершы.

«Гэта былі падарункавыя дыскі да юбілею, — кажа спявачка. — Мне яны былі патрэбныя, каб раздаць аўтарам і музыкам. Іх не хапіла. Тым не менш ён [Пранчак — Еўрарадыё] дзесьці дыск знайшоў і вырашыў пасудзіцца менавіта за песню «Талака», якую выконваў мільён выканаўцаў, асабіста я спявала яе яшчэ ў 93-м годзе на фестывалі ў Маладзечне».

Дарафеева кажа, што, запісваючы «Талаку», думала, што паэт будзе шчаслівы ўбачыць яе на дыску, маўляў, песня не забытая.

«Нібы так, але хочацца трошкі грошай», — усміхаецца спявачка.

Апошняе пасяджэнне ў судзе па гэтай справе адбудзецца 30 снежня. Дарафеевай пагражае штраф да 10 базавых велічынь.