Якуб Колас

Якуб Колас – знакавая асоба ў гісторыі беларускай літаратуры, навукі і культуры: паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, літаратурны крытык, вучоны і арганізатар айчыннай навукі, педагог і настаўнік, духоўны лідар не аднаго пакалення беларусаў. Сёння, 4 снежня, спаўняецца 60 год Дзяржаўнаму літаратурна-мемарыяльнаму музею класіка. З гэтай нагоды interfax.by пагутарыў з праўнучкай Якуба Коласа, галоўным захавальнікам фондаў музея Васілінай Міцкевіч.

– Васіліна Валер’еўна, раскажыце, калі ласка, як ствараўся музей Вашага прадзеда?

– 13 жніўня 1956 года пайшоў з жыцця Якуб Колас. Праз тры дні спецыяльнай Пастановай ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР у доме народнага паэта было вырашана стварыць музей. Пачалася нялёгкая справа. Некалькі год рабочая група працавала над стварэннем экспазіцыі і фарміравала фонды. Пачалі збірацца матэрыялы, звязаныя з жыццём і творчасцю Якуба Коласа. 4 снежня 1959 года музей Якуба Коласа адчыніў дзверы для сваіх першых наведвальнікаў.

Дзяржаўнаму літаратурна-мемарыяльнаму музею Я.Коласа – 60 год: 10 самых цікавых экспанатаў

– Хто быў першым дырэктарам музея?

– Першым дырэктарам і стваральнікам музея быў старэйшы сын Якуба Коласа Даніла Міцкевіч. Дзякуючы яго намаганням на радзіме класіка ўзноўлены і музеефікаваны мемарыяльныя сядзібы, сабраны багатыя фонды. Сёння фонды музея налічваюць звыш 35 тысяч адзінак каштоўных і ўнікальных музейных прадметаў. Іх аснову складаюць матэрыялы, перададзеныя нашай сям’ёй. Напрыклад, музею быў поўнасцю падараваны рабочы кабінет Якуба Коласа з усёй мэбляй, рэчамі і асабістай бібліятэкай.

Дзяржаўнаму літаратурна-мемарыяльнаму музею Я.Коласа – 60 год: 10 самых цікавых экспанатаў

Даніла Канстанцінавіч удзельнічаў у стварэнні трох экспазіцый музея—1959, 1972 і 1982 гадоў. Ён аўтар шматлікіх артыкулаў пра жыццё і творчасць Якуба Коласа, успамінаў пра бацьку і іншых пісьменнікаў. За сваю плённую дзейнсць Даніла Канстанцінавіч быў узнагароджаны Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета Беларусі, Ганаровай граматай Міністэрства культуры СССР і ЦК прафсаюзаў работнікаў культуры, медалём Францішка Скарыны, атрымаў званне заслужанага дзеяча культуры БССР.

За 60 год існавання музея на пасадзе дырэктара змянілася некалькі чалавек. Кожны з іх зрабіў свой унёсак у яго развіццё і ўшанаванне памяці народнага паэта Беларусі. Сёння музей ўзначальвае Аляксандр Храмы.

– Музей Якуба Коласа – гэта не толькі мемарыяльная сядзіба класіка ў Мінску, а яшчэ і філіял музея на радзіме песняра. У чым ўнікальнасць філіяла?

– Філіял музея «Мікалаеўшчына» на Стаўбцоўшчыне аб’ядноўвае чатыры мемарыяльныя сядзібы – Смольню, Акінчыцы, Альбуць і Ласток. Кожная з іх мае сваю адметнасць, непаўторнае аблічча, гісторыю і сувязь з паэтам. Так, напрыклад, у Смольні ў 1912 годзе адбылася першая сустрэча нашых класікаў – Якуба Коласа і Янкі Купалы.

– Васіліна Валер’еўна, гісторыя музея – гэта яшчэ і плённая праца яго супрацоўнікаў. Каго з іх Вы хацелі б успомніць асобна, падзякаваць у сувязі з юбілеем музея?

– Такіх супрацоўнікаў нямала. Назаву тых, з кім мне давялося працаваць. Марыя Далідовіч, жонка пісьменніка Генрыха Далідовіча. Яна больш за 30 год прысвяціла музею, узначальвала экскурсійны аддзел. 44 гады адказнай захавальніцай калекцыі «Друкаваныя выданні» была Наталля Шувагіна-Адамовіч, дачка пісьменніка і рэжысёра Алеся Адамовіча. Амаль усё жыццё апантанна працуе загадчыца філіяла Соф’я Міцкевіч. Яна і зараз працягвае радаваць наведвальнікаў музея цудоўнымі расповедамі аб жыцці і творчасці паэта, яго радзіме.

– Кожны музейны прадмет звязаны з падзеямі жыцця і творчасцю Якуба Коласа. Маглі б Вы назваць 10 самых цікавых і незвычайных экспанатаў?

– Цікавых прадметаў у фондах нашага музея вельмі многа.

1. Першы і апошні фотаздымкі Якуба Коласа

Самы ранні выяўлены фотаздымак Якуба Коласа, які захоўваецца ў фондах музея, датуецца 1901 годам. У той час мой прадзед вучыўся ў семінарыі. Апошні фотаздымак паэта быў зроблены ў 1956 годзе на Нарачы.

Дзяржаўнаму літаратурна-мемарыяльнаму музею Я.Коласа – 60 год: 10 самых цікавых экспанатаў

Дзяржаўнаму літаратурна-мемарыяльнаму музею Я.Коласа – 60 год: 10 самых цікавых экспанатаў

2. Рэчы з даваеннага дома Якуба Коласа

Да вайны Якуб Колас жыў у Вайсковым завулку (сучасная тэрыторыя парка М.Горкага). Дом разам з асабістай бібліятэкай пісьменніка згарэў 24 чэрвеня 1941 года. Сябр сям’і Адам Брыж вывез абгарэлы сейф у другі канец Мінска і закапаў каля свайго дома. Пасля вайны сейф адкапалi. Рукапісы твораў, кнігі і іншыя каштоўныя рэчы, нажаль, былі страчаны назаўсёды, бо ў сейф трапіла вада. А вось срэбраныя чарачкі – падарунак Якубу Коласу і Марыі Дзмітрыеўне на 30-годдзе шлюбу ад Янкі Купалы і Уладзіславы Луцэвіч – захаваліся. Колас пісаў: «Пачысціўшы, чаркі яшчэ могуць служыць, а рэшта – няшчасны лом».

Дзяржаўнаму літаратурна-мемарыяльнаму музею Я.Коласа – 60 год: 10 самых цікавых экспанатаў

3. Рарытэты Коласавай бібліятэкі

Пасля вайны Якуб Колас зноў пачаў збіраць асабістую бібліятэку. Яна налічвае 924 кнігі. Сярод іх многа з аўтографамі вядомых пісьменнікаў, навукоўцаў. Напрыклад, кніга Агніі Барто з дарчым надпісам: «Дорогому Константину Михайловичу с уважением. А. Барто. Москва 1945 г.».

Дзяржаўнаму літаратурна-мемарыяльнаму музею Я.Коласа – 60 год: 10 самых цікавых экспанатаў

4. Кнігі з аўтографамі Якуба Коласа

Кніг з інскрыптамі паэта ў фондах музея не так многа – 93. Выявіць такія кнігі сёння – сапраўдны падарунак лёсу, бо яны захоўваюцца ў сем’ях адрасатаў, сярод якіх былі грамадскія і дзяржаўныя дзеячы, пісьменнікі, родныя, сябры і малазнаёмыя людзі. Некалькі год таму ў музей прынеслі кнігу з аўтографам Якуба Коласа таленавітаму хірургу, які выратаваў паэту жыццё: «Дарагому Мікалаю Іванавічу Бобрыку на памяць ад удзячнага пацыента. Якуб Колас. 7 ІІІ 1955 г.».

Дзяржаўнаму літаратурна-мемарыяльнаму музею Я.Коласа – 60 год: 10 самых цікавых экспанатаў

5. Падарункі Якубу Коласу

У фондах музея шмат рэчаў, якія былі падараваны Якубу Коласу. Мой любімы экспанат – статуэтка «Дзяўчына з лірай». Яе паэт атрымаў у дзень свайго 70-годдзя ад Міхаіла Мацапуры, беларускага вучонага ў галіне сельскай гаспадаркі, акадэміка НАН Беларусі, доктара тэхнічных навук.

Дзяржаўнаму літаратурна-мемарыяльнаму музею Я.Коласа – 60 год: 10 самых цікавых экспанатаў

6. Кніга, якая пабывала ў космасе

Кнігу музею падараваў першы беларускі касманаўт Пётр Клімук. «З хваляваннем наведаў музей народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, вершы якога я з дзяцінства памятаю і люблю. Таму і ў космас узяў кніжачку яго паэзіі. Там, у прасторах сусвету, асаблівым сэнсам напаўняліся бессмяротныя словы: «Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы!» – пісаў Клімук у 1975 годзе.

7. Сувенір з ЗША

Якуб Колас вельмі любіў прыроду. Напэўна, каб сябар мог любавацца ляснымі сцежкамі, працуя за рабочым сталом, Пятрусь Глебка прывез сувенір з ЗША.

8. Гадзіннік трох Міцкевічаў

У Якуба Коласа быў кішэнны гадзіннік фірмы «Павел Бурэ». Яго паэт падараваў свайму малодшаму брату Міхасю Міцкевічу, які таксама скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, працаваў настаўнікам, займаўся літаратурнай дзейнасцю пад псеўданімам Антось Галіна. У 1944 годзе ўладаром гадзінніка стаў пляменнік Міхася – Уладзімір Міцкевіч.

9. З рэчаў жонкі паэта

Рэчаў, якія належалі жонцы паэта, ў фондах музея вельмі мала. Адзін з самых прыгожых экспанатаў – сумачка са змяінай скуры, якую Якуб Колас набыў для сваёй жонкі Марыі Дзмітрыеўны ў Вільні ў 1941 годзе.

10. Экспанат з незвычайнай гісторыяй

Чацвёртае выданне паэмы «Новая зямля» было здадзена ў друкарню 2 мая 1940 года, падпісана да друку 13 лютага 1941-га, поўным ходам ішла выдавецкая праца. Адзіны сігнальны экзэмпляр кнігі Якуб Колас атрымаў за месяц да пачатку вайны. Лёс выдання склаўся трагічна. Паэт пісаў у 1945 годзе: «Я трымаў сігнальны экзэмпляр поўнага паўторнага выдання, але яму не суджана было ўбачыць свет. Перашкодзілі немцы. Яны знішчылі тыпаграфскія гранкі». Па шчаслівым выпадку Якуб Колас падараваў кнігу сваёй пляменніцы, якая жыла на Клязьме пад Масквою, а пасля вайны ўзяў у яе. У 1955 годзе прадзед падараваў «Новую зямлю» другі раз сваёй былой вучаніцы па Белпедтэхнікуму, настаўніцы Аляксандры Жукоўскай. Кніга захоўвалася ў яе сям’і як самая дарагая рэліквія, а пасля смерці маці яе дачка Клара Арлова перадала гэты рарытэт ў музей Якуба Коласа.

– Што цікавага ёсць у сядзібе побач з домам-музеем Якуба Коласа?

– Пра сваю сядзібу Якуб Колас з любоўю пісаў у вершы «З майго летапісу»:

Стаіць мая хата між хвой кучаравах,

І купіна жыта на клумбе пры ёй.

Свая ў мяне пожня, і дрэўцы, і травы,

Пляцоўка, і двор свой, і я сабе свой…

На сядзібе паэта дагэтуль расце пасаджаная ім яблыня. Каля вяза стаіць скамейка, дзе Якуб Колас любіў пасядзець. Пры ягоным жыцці дрэўца было маленькім, а зараз патрэбна 2-3 абхваты, каб яго абняць. Растуць дубы – іх прадзед пасадзіў у гонар сваёй сям’і.

– За 60 год існавання музея яго наведалі сотні тысяч людзей. Сярод іх напэўна былі і вядомыя асобы…

– Такіх людзей вельмі многа. Так, напрыклад, у кнізе ганаровых гасцей пакінулі цікавыя надпісы грузінскі кампазітар і міністр культуры Грузіі Отар Тактакішвілі, перакладчыцца твораў Якуба Коласа на англійскую мову Вера Рыч. Мне асабліва прыемна, што апошні запіс зрабіў саветнік пасольства Узбекістана ў Беларусі Даніяр Абідаў. Ён разам з сям’ёй наведаў музей, бо першы помнік Якубу Коласу за межамі нашай краіны быў адкрыты ў 2017 годзе менавіта ва Узбекістане – у Ташкенце.