Вольга Кавалькова

Мая субяседніца вучылася на юрыдычным факультэце Акадэміі ўнутраных спраў. Тройчы была прэтэндэнткай на месца дэпутата Палаты прадстаўнікоў – у 2012, 2016
і 2019 гадах. Разлічвала на перамогу падчас мясцовых выбараў у 2014 годзе. Не пашанцавала. Але яна лічыць, што ўсё наперадзе…

У палітыку Вольга Кавалькова прыйшла, можна сказаць, выпадкова: праваслаўны святар, да якога хадзіла ў царкву, у 2010 годзе запрасіў на сход прыхільнікаў ідэі хрысціянскай дэмакратыі, і з таго часу яна бярэ актыўны ўдзел у грамадскапалітычным жыцці краіны.

– Спадарыня Вольга, некалькі гадоў ваша працоўная біяграфія была звязана з работай у дзяржаўных органах…

– Так, я займала розныя пасады ў адміністрацыях Партызанскага і Савецкага раёнаў Мінска. Не буду казаць пра нейкія поспехі ці дасягненні, але справу сваю добра ведала – акрамя акадэміі, набывала веды ў Рэспубліканскім інстытуце перакваліфікацыі кадраў, асвоіла бухгалтарскі ўлік, маю шэраг іншых сертыфікатаў. Лічу, што галоўнае для чыноўніка – гэта дапамога людзям.

– А чаму ўсё ж такі не знайшлі сябе на розных пасадах у дзяржаўных органах?

– Зразумела, што гэта не маё, не змагу поўнасцю выкарыстаць свой патэнцыял.

– А ці лёгка быць жанчынай-палітыкам?

– Нялёгка, але гэта мяне не палохае. Я настойліва іду да сваёй мэты. Не скажу, што з дзяцінства марыла стаць палітыкам, але калі пераязджала ад бацькоў у сваю кватэру, то знайшла адну дзіцячую анкету. У ёй было пытанне “Кім ты хочаш стаць?”, і я на яго адказала так: “Хачу быць прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь”. Гэта, пэўна, быў 1996 год – менавіта тады мяне ўразілі падзеі, звязаныя з прэзідэнцкімі выбарамі. Памятаю, дарослыя з мяне смяяліся, але ў маёй юнай душы такая мара пасялілася назаўжды. І я дасягну сваёй мэты…

– Адным словам, вы, Вольга, летуценнік…

– У першую чаргу я вольная асоба. Мне ніхто і нішто не перашкаджае ісці да сваёй мэты. Канечне, у маладыя гады кожны хоча верыць у каханне на ўсё жыццё, але я такога чалавека пакуль не сустрэла. І мне хапае часу на ўдзел у грамадска-палітычных мерапрыемствах.

– Вы – карэнная мінчанка…

– Так, я, як і мае бацькі, нарадзілася ў сталіцы. Тата – цясляр, а мама працавала закройшчыцай. Мы дваццаць гадоў пражылі ў Шабанах. У школе я вучылася на выдатна. Бацькі мяне заўсёды падтрымлівалі і падтрымліваюць. Быў такі смешны выпадак. Калі ў 2017 годзе падчас акцыі “дармаедаў” мяне арыштавалі на сем сутак, тата вазіў мне перадачы. Мы ў ізалятары нічога з казённага не елі, чакалі, калі з волі перададуць прадукты. І вось аднойчы прыносяць перадачу, адкрываю, а там замест яды – розныя фарбы, фламастары і белы плюшавы мядзведзік з чырвоным гальштукам…

– Ваш любімы занятак, акрамя ўдзелу ў грамадска-палітычных акцыях?

– Я вельмі люблю вадзіць аўтамабіль. З задавальненнем вандрую па Беларусі. Калі мяне пасля арышту на паўгода пазбавілі правоў кіроўцы, то гэта мяне вельмі злавала і выбівала з каляіны. Яшчэ я люблю фатаграфаваць. У мяне шмат сяброў у сацыяльных сетках, і яны ведаюць пра такое мае захапленне – я часта публікую свае здымкі.

– Калі, на вашу думку, можа змяніцца сітуацыя ў краіне?

– Тады, калі апазіцыйныя палітыкі выйдуць на шырокую аўдыторыю. На жаль, у нас няма публічных дыскусій. Нейкія спробы былі зроблены напярэдадні галасавання, але гэта не паўплывала на электарат. Улады заблакіравалі доступ да народных мас, таму людзі не ведаюць, што ёсць асобы, якія маглі б стаць сілай, альтэрнатыўнай існуючаму рэжыму. Як апазіцыйны палітык, я хачу зрабіць сур’ёзны ўнёсак у развіццё Беларусі. Хачу, каб мае бацькі мелі годную пенсію, каб пляменніцы змаглі атрымаць добрую адукацыю і годную працу і не думалі, куды з’ехаць на заробкі…

Я не прывыкла ныць і апускаць рукі. Калі я, як палітык, сабе гэта дазволю, то які прыклад пакажу іншым людзям? Ім трэба на кагосьці арыентавацца, на кагосьці быць падобным…

– Эпізод, калі члены выбарчай камісіі з дапамогай аж трох міліцыянераў, прымяняючы фізічную сілу, перашкаджалі вам, кандыдату ў дэпутаты, кантраляваць падлік галасоў, выклікаў шквал эмоцый у сацыяльных сетках…

– Я нездарма заняла прынцыповую пазіцыю. Ці ж можна назваць выбары дэмакратычнымі, калі было столькі парушэнняў заканадаўства? Ці ж можна паверыць у тое, што за гадзіну працы выязной камісіі ў шпіталі кожныя 30 секунд галасаваў новы чалавек?!

– Чаму, па-вашаму, такая беспрынцыповасць з боку многіх членаў выбарчых камісій – з-за нізкай адукаванасці, несвядомасці, ад страху перад высокім начальствам ці з якіх іншых прычын?

– З-за ўсяго разам. На выбарчым участку старшыня камісіі паказвае мне інструкцыю, якой ён карыстаецца. Для мяне як юрыста гэта выглядае проста абсурдна, бо ёсць Закон аб выбарах і такая інструкцыя – здзек з праў. Чаму было многа парушэнняў заканадаўства? Таму, што за 25 гадоў ніводны сябра выбарчых камісій не быў за гэта пакараны, нягледзячы на тысячы скаргаў кандыдатаў у дэпутаты і назіральнікаў.

– Казалі, што пасля падліку галасоў вы нават трапілі ў шпіталь…

– Не, у шпіталь трапіла не я, а мой тата, які быў на ўчастку разам са мной як давераная асоба. У яго рэзка падскочыў ціск, і яму спатрэбілася медыцынская дапамога. Праўда, калі я паехала адведаць яго, то і самой стала кепска.

– Вольга, я чула, што на наступных прэзідэнцкіх выбарах вы збіраецеся вылучыць сваю кандыдатуру…

– Не выключаю. Рана ці позна я дасягну сваёй мэты.

***

Газета «Народная Воля» № 95 (4450)