Фота https://m.by.tribuna.com

Вядомы спартыўны каментатар вырашыў пайсці на пенсію.

Пра гэта з’явілася афіцыйная абвестка на сайце Белтэлерадыёкампаніі, тое самае Уладзімір Мікалаевіч персанальна пацвердзіў і «Народнай Волі». Дадаў, што гэта яго асабістае рашэнне, хаця не стаў распаўсюджвацца пра будучыя планы.

Уладзімір Навіцкі прыйшоў на тэлебачанне ў маі 1981 года. Працаваў аж на дзесяці алімпіядах, вёў шматлікія хакейныя і футбольныя рэпартажы. Адным з першых пачаў каментаваць на беларускай мове.

«Калі ў 1981 годзе я прыйшоў на тэлебачанне на пасаду адміністратара, то ні слова не ведаў па-беларуску, – расказваў Уладзімір Мікалаевіч. – Але захацеў паспрабаваць сябе ў ролі журналіста і быў пастаўлены перад фактам: трэба ведаць мову. Уладкаваўся на працу ў маі, і ў мяне было два тыдні на тое, каб паспець падаць дакументы на завочнае аддзяленне журфака БДУ. Паступіў.

А там цудоўны выкладчык Мiкола Рыгоравiч Каваленка вельмі дапамог у вывучэнні беларускай мовы. Былi i iншыя людзi, якiя таксама паспрыялi гэтаму працэсу. Спачатку гэта было «трэба», а потым спадабалася, асэнсаваў, як гэта цудоўна, што авалодаў роднай мовай і навучыўся лёгка размаўляць на ёй».

Уладзімір Мікалаевіч задаволены тым, як праз спорт папулярызаваў беларускую мову. «Мабыць, маладое пакаленне не паверыць, але ж сапраўды быў час, калi абсалютна ўсе рэпартажы – футбольныя, хакейныя – вялiся выключна па-беларуску, – кажа ён. – I я ганаруся тым, што распрацоўваў хакейную тэрмiналогiю на матчынай мове. Зразумела, з дапамогай добрых людзей».