Аляксандр Класкоўскі

Новаспечаны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных, што быў некалі спікерам Міністэрства замежных спраў, за словам у кішэнь не лезе. Калі на мінулым тыдні “Народная Воля” задала яму пытанне, ці ўдасца ўладам без дыялогу з апазіцыяй і ўсім грамадствам утрымаць незалежнасць краіны, дык ён (глядзіце нумар “НВ” за 26 лістапада) з ходу парыраваў: “Чаму вы вырашылі, што ўлада не вядзе дыялог з грамадствам? З майго пункту гледжання, вядзе і вельмі актыўна, абапіраючыся на масавыя грамадскія рухі”.

Чуў, кум, сонца, бачыў гром? Калі ўлада вядзе дыялог з грамадствам, то чаму ж тады беларусы да сённяшняга дня нічога не ведаюць, скажам, пра змест перамоў аб “паглыбленай інтэграцыі”? Больш за тое, нават на запыты дэпутатак шостага склікання Алены Анісім і Ганны Канапацкай высокія чыны адказалі адпіскамі. Мо гэтыя дэпутаткі таму і не трапілі ў новы склад парламента, што з гледзішча кіроўных вярхоў занадта церабілі іх нязручнымі пытаннямі?

А пра якія масавыя грамадскія рухі ідзе гаворка? Мо пан парламентарый мае на ўвазе праўладныя структуры кшталту “Белай Русі”, БРСМ, ФПБ? Дык, па-першае, іх масавасць збольшага фармальная. Па-другое, яны заточаны не пад дыялог, а пад тое, каб ухваляць ды прасоўваць у масы маналогі найвышэйшага кіраўніцтва.

А вось са зваротнай сувяззю нешта не надта. Каб нейкая з падобных арганізацый паспрабавала рэтрансляваць наверх хоць дзясятую частку таго, што гавораць пра ўладу на кухнях, у курылках, дык, мяркую, яе кіраўнік адразу вылецеў бы са свайго крэсла са свістам. Нешта не згадваю, каб тыя арганізацыі заступіліся за прыціснутых дзяржавай людзей падчас “дармаедскіх” пратэстаў ці выказаліся супраць непапулярнага “закона аб адтэрміноўках”…

Поўны тэкст калонкі Аляксандра Класкоўскага чытайце ў газеце “Народная Воля” за 3 снежня