або Аповед аб тым, як у Польшчы захоўваюць памяць аб Другой сусветнай вайне

Чорныя даты не прынята называць юбілеямі. Але памятаць пра іх трэба. Тым больш калі гаворка ідзе пра 80-годдзе з дня пачатку Другой сусветнай вайны. Для Польшчы гэтая дата асабліва трагічная: менавіта ёй 1 верасня 1939 года прыйшлося прыняць на сябе першы ўдар фашысцкай Германіі. Для многіх беларусаў вайна таксама пачалася не 22 чэрвеня 1941 года, а на два гады раней. Так што для нас гэта таксама павінна быць зарубкай у нацыянальнай свядомасці. У сумеснай, калі хочаце, памяці. Па запрашэнні польскага МЗС мы, група беларускіх журналістаў, пабывалі ў суседняй краіне і паглядзелі, як там увекавечана найвялікшая трагедыя ХХ стагоддзя. Тыднёвая праграма паездкі была супернасычанай: музеі, воінскія пахаванні, былы канцэн- трацыйны лагер Штуттгоф… Пачаць аповед мне хочацца з вельмі маладога і, я сказала б, вельмі сімвалічнага музея – Другой сусветнай вайны ў Гданьску.

На глыбiнi 14 метраў пад зямлёй

Велічны будынак музея, які адкрыўся для наведвальнікаў у сакавіку 2017 года, уражвае сваёй канструктывісцкай архітэктурай. Асацыяцыі ў наведвальнікаў бываюць рознымі: ад снарада, што ўрэзаўся ў зямлю i не разарваўся, да будынка, якi вось-вось абрынецца пасля варожай бамбёжкі. І тым не менш ён дзіўным чынам упісваецца ў гатычнае аблічча старажытнага Гданьска. Вось так таленавітыя дойліды, вырашаючы складаную задачу стварэння самага вялікага ў Еўропе сховішча дакументаў і экспанатаў аб мінулай вайне, пастараліся нагадаць людзям аб гэтай трагедыі. Нашым гідам па велізарных залах стаў галоўны спецыяліст навуковага аддзела Дзмітрый Панто. Ён распавёў, што пабудаваны музей на месцы былога мікрараёна Бачкары, які быў цалкам разбураны ў 1945 годзе. І, так здарылася, нават праз доўгія гады не адноўлены. І калі на пачатку 2000-х гадоў зямля была аддадзена пад будаўніцтва задуманага мемарыяла і археолагі сталі праводзіць на гэтым месцы раскопкі, на белы свет з’явіліся рэчы з паўсядзённага ўжытку жыхароў даваеннага Гданьска. Будучыя экспанаты музея. Прыкладна 100 тысяч адзінак, знойдзеных у літаральным сэнсе пад нагамі. Можа быць, па гэтай прычыне паўстала канцэпцыя стварэння музея ў трох узроўнях: падземны, на глыбіні 14 метраў, сімвалізуе, што вайна павінна быць назаўжды пахавана пад зямлёй; на паверхні зямлі, дзе размешчана плошча, якая азначае сучаснасць, і вежа, якая ўвасабляе будучыню. Менавiта ў вежы, як удакладніў пан Дзмітрый, размешчаны бібліятэка, адкрытая для ўсіх жыхароў горада, уласнае выдавецтва, навуковы аддзел…

Матэрыял Людмілы Сяліцкай чытайце ў газеце «Народная Воля» за 29 лістапада