Ілюстрацыйнае фота

Вельмі прыкра на душы, хочацца выказацца… Узгадаўся мне нарыс спадарыні
Малочка – вельмі гнеўны і асуджальны – аб тым, як нейкі маладзён абражаў кантралёра грамадскага транспарту і нават пагражаў ці то алоўкам, ці то шарыкавай ручкай. Безумоўна, кепскі ўчынак. А я нядаўна была сведкам не менш ганебнай сітуацыі. Кантралёр грамадскага транспарту, жанчына сталага ўзросту, выгнала з трамвая №3 вельмі старую, бедна апранутую жанчыну. Калі я спыталася ў кантралёра, ці ёсць у яе маці і ці не сорамна ёй, яна адказала: «Вот вы взяли себе билет, и ей возьмите, если вам ее жалко».

Божа, у якім грамадстве мы жывём?! Якая дэградацыя! Можа, гэтая старая жанчына аддала апошнія капейкі на лекі, каб неяк выжыць. Бяда, што састарэлыя людзі, якія працавалі ўсё жыццё на нізкааплатных, але такіх патрэбных дзяржаве работах, цяпер выжываюць за мізэрныя пенсіі.

Скажыце: няўжо гэтай жанчыне-кантралёру стала хораша на душы, што старая папляцецца пешшу на хворых, апухлых нагах? Хтосьці можа аспрэчыць: заробак кантралёра залежыць ад колькасці выпісаных ім штрафаў, кантралёру таксама трэба за нешта жыць. Але як мы дапускаем, што нямоглыя старыя не маюць магчымасці ў сацыяльна арыентаванай дзяржаве карыстацца грамадскім транспартам?! Вось зараз прыйшлі новыя дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў, будуць прымаць новыя законы, але ці зменіцца штосьці ў жыцці выбаршчыкаў?..

Людміла Міхайлаўна НАРКЕВІЧ, Мінск