Павел Латушка і Мікалай Пінігін

Сёння дзень пачаўся з біцця яек — у добрым сэнсе слова. Тон задаваў Купалаўскі тэатр у асобе генеральнага дырэктара Паўла Латушкі і мастацкага кіраўніка Мікалая Пінігіна. Яны білі іх прама ў велізарную патэльню, дзе ўжо сіпела сальца з лукам. А потым частавалі ўсіх прысутных. Адбывалася гэта задума сёння пры вялікім сходзе народа ў кафэ гасцініцы «Еўропа» пад патранатам генеральных партнёраў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра — вядомай кампаніі А1, у якіх менавіта яйка, як ведаюць карыстальнікі тэлекамунікацыйных паслуг А1, — іх графічны знак. Так што білі, пяклі, елі — і слухалі пра тое, як праходзіць соты, юбілейны сезон Купалаўскага тэатра. Якімі падзеямі адзначае яго калектыў пры падтрымцы сваіх спонсараў.

Навошта Купалаўскі тэатр нас яйкамі карміў

Навошта Купалаўскі тэатр нас яйкамі карміў

Перш за ўсё, вядома, тэатральны часопіс. Ён такі выйшаў — першы нумар ўласнага часопіса «Купалаўскі»! На выдатнай паперы, з выдатным дызайнам, з вельмі цікавым зместам. Часопіс будзе прадавацца ў тэатры перад спектаклем, купіць зможа кожны. У будучыні выпускаць новыя нумары будуць да кожнай прэм’еры.

Навошта Купалаўскі тэатр нас яйкамі карміўНавошта Купалаўскі тэатр нас яйкамі карміў

А прэм’ер наперадзе ў тэатра чатыры. У снежні пойдзем глядзець «Караля Ліра». Рэжысёр спектакля Мікалай Пінігін сказаў, што менавіта выдатны пераклад шэкспіраўскай п’есы на беларускую мову Юркі Гаўрука падштурхнуў яго да гэтай пастаноўцы. У студзені ўбачым новы спектакль маладога рэжысёра Рамана Падаляка — «Першы». Вясной тэатр пастараецца здзівіць нас пластычным спектаклем «Бела і Марк» — над ім будзе працаваць маскоўская пастановачная група. У канцы сезону з трапятаннем чакаем новую версію «Тутэйшых» Янкі Купалы. Спектакль праз дваццаць пяць гадоў зноў паставіць галоўны рэжысёр Мікалай Пінігін.

Гэта ўсё справы творчыя. Але ў дапамогу трупе поўным ходам ідуць справы гаспадарчыя. Генеральны дырэктар Павел Латушка расказаў, што праект рэканструкцыі Малой сцэны Купалаўскага ўжо праходзіць дзяржаўную экспертызу. Значыць, мы ўсё ж такі дачакаемся адкрыцця гэтай пляцоўкі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра на вуліцы Энгельса,7. Рыхтуюцца да выхаду відэаролікі і плакаты, прысвечаныя 100-годдзю тэатра. А таксама цэлая кніга — пра першы нацыянальны беларускі драматычны тэатр. Так што сабрацца разам з купалаўцамі будзе нагода яшчэ не раз. І сняданкам, напэўна, яны ўжо тады не абыдуцца…