
2 снежня ў Віцебскім абласным судзе будзе разглядацца чарговая карупцыйная справа. Перад судом паўстануць адразу два чыноўнікі – экс-старшыня Браслаўскага райвыканкама Уладзімір Дранеўскі і яго жонка Алена – былы начальнік аддзела эканомікі райвыканкама.
Дранеўскіх затрымалі амаль паўтара года таму – у чэрвені 2018 года. Арышт сямейнай пары выклікаў вялікі рэзананс. Што не дзіва, бо атрымлівалася, што ў здзяйсненні злачынстваў ва ўладных структурах абвінавачваюцца ўжо нават сем’і. Акрамя таго, звяртала на сябе ўвагу і фігура Уладзіміра Дранеўскага, працоўны шлях якога ўяўляў
прыклад імклівага кар’ернага росту. Дранеўскі быў прызначаны старшынёй Браслаўскага райвыканкама ў студзені 2015 года, на той момант яму было 38 гадоў. Ён увогуле рана пачаў кіраваць: да пераводу ў Браслаў у родных Чашніках Віцебскай вобласці 33-гадовы Дранеўскі ўзначаліў мясцовае прадпрыемства ЖКГ, для райцэнтра гэта дастаткова важная структура, у якой працуе больш за сотню чалавек. У 2011 годзе Уладзіміра Дранеўскага назвалі Чалавекам года Віцебшчыны – “за значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Чашніцкага раёна”.
Абвінавачанне, якое было выстаўлена Дранеўскаму летась падчас затрымання,
– перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў. Уладзіміра Дранеўскага таксама абвінавачвалі ў атрыманні хабару, яго жонку – у хаўрусніцтве.
Аднак падчас следства спіс злачынстваў, у якіх абвінавачваюцца прадстаўнікі
мясцовай улады, значна пашырыўся.
Так, Уладзіміра Дранеўскага будуць судзіць адразу па сямі (!) артыкулах Крымінальнага кодэкса. Да атрымання хабару і перавышэння службовых паўнамоцтваў дадаліся дача хабару, махлярства, крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, легалізацыя («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, а таксама саўдзел у злачынстве ў якасці падбухторшчыка.
Пабольшала абвінавачанняў і ў дачыненні да Алены Дранеўскай. Апроч перавышэння ўлады або службовых паўнамоцтваў і хаўрусніцтва ёй таксама інкрымінуецца крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і легалізацыя («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам.
Трэба адзначыць, што жыхары Браслава не асабліва здзіўляліся арышту былога старшыні райвыканкама. “Дранеўскі – прадукт сістэмы, – дзяліўся сваімі думкамі чытач “Народнай Волі” і былы работнік Браслаўскага райвыканкама. – Палітыка ўлады – тасаваць кадры. І атрымліваецца, што часцяком раёны ўзначальваюць дачаснікі – прыйшлі-сышлі. Яны працуюць не на карысць раёна, а каб дагадзіць тым, хто паставіў іх на высокую пасаду. Але пры гэтым, ведаючы, што век кіраўніка ў нашай краіне нядоўгі, пачынаюць паводзіць сябе як сапраўдныя хапугі. Для Браслава гэтае затрыманне – не сенсацыя. У нас у Нацыянальным парку «Браслаўскія азёры» ўжо дзявяты (!) кіраўнік змяніўся. Трое ў свой час былі пад крымінальным пераследам за злоўжыванні службовым становішчам і крадзяжы. Так што затрыманне начальніка
– гэта ўсяго толькі чарговы эпізод у жыцці рэгіёна. Не больш за тое”.
Ці вінаваты Уладзімір Дранеўскі і яго жонка (на фота) ў тых злачынствах, якія ім інкрымінуюцца, скажа суд.
Судзяць намеснікаў
Выглядае, што, калі Браслаўскім раёнам кіраваў Уладзімір Дранеўскі, мясцовая ўлада пагразла ў карупцыі.
Так, зараз у судзе Глыбоцкага раёна разглядаецца крымінальная справа ў дачыненні да былога намесніка Дранеўскага Міхаіла Пліско. Ён, дарэчы, быў затрыманы летась разам з Дранеўскімі, але потым у дачыненні да Пліско змянілі меру стрымання.
Былога чыноўніка абвінавачваюць у перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў. Як вынікае з матэрыялаў справы, з красавіка 2016-га па студзень 2018 года ён атрымаў хабар у суме 6,3 тысячы еўра за вырашэнне пытанняў, якія ўваходзілі ў яго кампетэнцыю.
І гэта, дарэчы, не адзіны намеснік Дранеўскага, які апынуўся пад судовым пераследам.
Так, днямі суд Глыбоцкага раёна ўжо вынес прысуд яшчэ аднаму былому намесніку старшыні, начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Браслаўскага райвыканкама 36-гадоваму Максіму Чагарыну. Пра гэта паведаміў Вярхоўны суд.
Чагарына прызналі вінаватым у перавышэнні службовых паўнамоцтваў, учыненых з карыслівай зацікаўленасці. Сутнасць справы: у 2017 годзе Чагарын, а таксама яго калега і начальнік (выпадае, што муж і жонка Дранеўскія. – Рэд.) завалодалі грашыма, якія ім не належалі. Схема была такая: у красавіку 2017 года Чагарын атрымаў інфармацыю пра тое, што Браслаўскаму раёну выдзелена з абласнога бюджэту ў якасці заахвочвання 5750 рублёў, аднак дзяржслужачыя не могуць атрымліваць прэмію з гэтых сродкаў – усе грошы павінны былі быць накіраваны на прэміраванне кіраўнікоў арганізацый раёна. Ім прэміі выдалі, але потым узгаданае вышэй троіца чыноўнікаў запатрабала грошы назад і падзяліла іх паміж сабой.
Чагарын падчас судовага пасяджэння ва ўсім раскаяўся і цалкам прызнаў сябе вінаватым.
Прысуд: 3 гады 3 месяцы пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады 3 месяцы на падставе ч.2 арт.77 Крымінальнага кодэкса. Дадзены артыкул дазваляе адтэрміноўку, калі асуджаны за ўчыненне цяжкага злачынства, якое не спалучана з замахам на жыццё або здароўе чалавека, здзейсніў яго ўпершыню і пры гэтым да суда поўнасцю кампенсаваў урон альбо вярнуў неабгрунтаванае ўзбагачэнне, атрыманае злачынным шляхам.
***
Газета “Народная Воля” № 94 (4449)