Улётка грамадскага аб’яднання

Улёткі з такой прапановай з’явіліся на гродзенскім рынку “Карона”. Акцыю арганізавала грамадскае аб’яднанне абароны жывёл “Адданае сэрца”.

Акцыю, паводле кіраўнічкі “Адданага сэрца” Алены Шыманіцы, прыдумаў адзін з сябраў аб’яднання Міхаіл Ліс. Менавіта ён і дамовіўся з некалькі прыватнымі шынамантажамі аб тым, што бясплатныя паслугі там атрымаюць тыя людзі, якія возьмуць на ўтрыманне бяздомнага сабаку альбо коціка.

“Мы пачалі распаўсюджваць улёткі з інфармацыяй тыдзень таму, але пакуль ніхто на іх не адгукнуўся, — канстатуе Алена Шыманіца. – Думаю, што людзі ўсё ж сур’ёзна ставяцца да гэтага і ніхто дзеля 30 рублёў, калі ён не хоча браць жывёліну ў хату, на гэта не спакусіцца. Але тыя, хто надумаў гэта зрабіць, то, думаю, для іх гэта будзе своеасаблівы бонус”.

“Адданае сэрца” з 2011 года дапамагае знайсці бяздомным жывёлам сваіх гаспадароў. Дарэчы, перад тым, як перадаць коціка ці сабаку новым гаспадарам, іх паказваюць ветэрынару, робяць прышчэпкі і стэрылізацыю, апрацоўваюць ад розных паразітаў.

Зараз у прытулку “Адданага сэрца” каля 50 коцікаў і 50 сабак.