22 лістапада 2019 года

Беларускі нацыянальны гімн «Пагоня», напісаны на аднайменны верш Максіма Багдановіча, упершыню можна паслухаць у выкананні аркестра і хора.

Музычным рэдактарам і аранжыроўшчыкам стаў беларускі кампазітар Канстанцін Яськоў, піша Еўрарадыё. Дагэтуль быў папулярны варыянт музыкі Міколы Шчаглова-Куліковіча, але ён пісаўся для харавога акапэльнага выканання. У пачатку 1990-х «Пагоня» была сярод прэтэндэнтаў на дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.

«Гэта была мая даўняя мара — каб Беларусь займела паўнавартасны нацыянальны гімн, якасны, пазнавальны і дарэчны ў гістарычным і культурным кантэксце», — расказвае symbal.by ініцыятар праекта Антон Мяжа. Паводле яго слоў, на рэалізацыю задумы «спатрэбілася каля двух гадоў і вялікія сродкі». Над «Пагоняй» працавалі некалькі дзясяткаў чалавек «з розных творчых беларускіх калектываў».

Гімн гучыць пад эмацыйнае відэа відэарэжысёра Івана Мураўёва, зробленае 22 лістапада ў Вільні падчас урачыстага перапахавання Кастуся Каліноўскага і 19 іншых паўстанцаў.