На месцы Верхняй царквы ХІУ стагоддзя ў Гродне археолагі плануюць правесці раскопкі.

Ужо разабраны навес і рэшткі цагляных сцен пераносяць на месца Ніжняй царквы. Плануецца, што каштоўныя рэшткі праляжаць на гэтым месцы да трэцяга этапу рэканструкцыі. А пасля і для Верхняй і для Ніжняй царквы маюць зрабіць адмысловыя павільёны, каб яны былі зручныя і для наведвальнікаў і для захаваўшыхся манументальных артэфактаў.

Дарэчы, рэшткі Верхняй царквы ў Старым замку былі выяўленыя першым дырэктарам гродзенскага музею Юзэфам Ядкоўскім падчас правядзення земляных работ у 30-я гады мінулага стагоддзя. Тады рабочыя і наткнуліся на рэшткі збудавання царквы ХІУ стагоддзя, а паколькі ў летапісах не захавалася яе назвы, то і вырашылі назваць Верхняй царквой. Тым больш, што пад яе мурамі была знойдзена яшчэ адна забудова ХІІ стагоддзя, якую назвалі Ніжняй царквой.

Археолагі ўпэўнены, што раскопкі павінны адказаць на некаторыя спрэчныя пытанні. У прыватнасці, у гэтым месцы павінны атрымаць адказ на тое, як мог выглядаць палацавы рызаліт (частка палацу, якая выступала за асноўную лінію фасаду і была скіраваная ва ўсю вышыню будынка).