Язэп Дроздович. Аўтапартрэт. 1943 г.

Прыйшоў час – і карціны філосафа і мастака Язэпа Драздовіча, першага
стваральніка «беларускага стылю» ў мастацтве, знаходзяць нарэшце сваё месца ў пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея. Прынята рашэнне пашырыць залу беларускага мастацтва XIX–XX стагоддзяў жывапіснымі і графічнымі працамі гэтага самабытнага майстра з фондаў музея. Дарэчы, некаторыя з яго карцін выйдуць да гледача ўпершыню.

Так, спецыялісты ведалі пра Язэпа Драздовіча заўсёды, але актыўна ўзгадваць яго, папулярызаваць сталі толькi напрыканцы 1970-х, на хвалі беларускага адраджэння. Тады мастакі Марачкін, Кулік і Маркавец знайшлі магілу Драздовіча і ў
1982 годзе ўсталявалі там пліту з барэльефам (праца скульптара Шатэрніка). А Аляксей Марачкін, уражаны касмічным мысленнем суайчынніка, стаў метадычна збіраць яго работы – па вёсках, па закінутых падворках, часам сярод хламу і пылу. На шчасце, многія сяляне, для якіх Драздовіч пісаў “дываны” яшчэ да вайны, захавалі карціны майстра. Марачкін іх выкупляў і, сабраўшы калекцыю, перадаў частку яе ў Заслаўскі музей, частку – у фонд Саюза мастакоў. Купляў у яго карціны Язэпа Драздовіча і Нацыянальны мастацкі.

Найбольш цікавы і яркі перыяд творчасці Драздовіча, на думку спецыялістаў, –
касмічны. Драздовіч наогул з’явіўся пачынальнікам касмічнай тэмы ў беларускім выяўленчым мастацтве. Многія творы яго касмічнага цыклу – фенаменальная з’ява не толькі ў беларускай, але і ў сусветнай культуры. У такім выглядзе і так рэалістычна да Драздовіча космас не маляваў ніхто. Гэтыя карціны і зоймуць зараз цэнтральнае месца ў экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея.