Беларусь зацікаўлена ў выбудоўванні ўзаемапаважлівых і добрасуседскіх адносін з Еўрапейскім саюзам. Пра гэта сёння заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрамі замежных спраў Швецыі Ан Ліндэ і Фінляндыі Пека Хаавіста, перадае БЕЛТА.

«Беларусь вельмі зацікаўлена ў выбудоўванні ўзаемапаважлівых, добрасуседскіх адносін не толькі з Еўрапейскім саюзам, але і вашымі дзяржавамі — Швецыяй і Фінляндыяй. Я пра гэта шмат разоў казаў на працягу многіх гадоў. Для нас вы з’яўляецеся ў пэўным сэнсе ўзорам гаспадарання. Мы вельмі падобныя на вашыя краіны. У нас падобная эканоміка і, самае галоўнае, працавітыя, дужыя людзі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У нас шмат што атрымліваецца. У вас больш, у нас, можа, пакуль крыху менш. Але я спадзяюся, што вы нам падкажаце, у якім кірунку рухацца, перш за ўсё ў эканоміцы».

Лукашэнка заявіў, што Беларусі цікавы перадавы вопыт Еўрасаюза ў многіх сферах, але для пачатку трэба завяршыць працэс фарміравання дагаворна-прававой базы і падпісаць падрыхтаваныя дамовы.

«Пажадана не ставіць ніякіх папярэдніх умоў. Трэба рухацца ў гэтым кірунку. Вядома ж, перамовы, дамовы — гэта доўгі шлях, кампрамісы, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Калі мы ўжо выпрацавалі адпаведныя дагаворы, прыйшлі да разумення таго, што нам трэба іх падпісваць і рухацца ў гэтым кірунку, то марудзіць з гэтым не варта».

«Вы бачыце, што вакол нас робіцца. І малыя, і сярэднія дзяржавы павінны неяк бліжэй быць адзін да адной. Аб’ядноўвацца, калі гэта магчыма, каб выстаяць у гэтым цяжкім бурным свеце», — упэўнены ён.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў агульных інтарэсах, каб рэгіён стаў аазісам міру, спакою і росквіту. «Гэта галоўнае. Будзе гэта — будзем багатыя, будуць жыць нармальна нашы народы, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Менавіта да гэтага мы імкнемся, фармулюючы свае мірныя ініцыятывы і прасоўваючы ідэі, накіраваныя на зніжэнне напружанасці і ўмацаванне добрасуседства. Відавочна, што такія падыходы блізкія і вам. Нездарма так званая разрадка ў сямідзесятыя гады атрымала назву «Хельсінкі».

Гэта першы візіт кіраўніка шведскага знешнепалітычнага ведамства ў Беларусь, а міністр замежных спраў Фінляндыі прадстаўляе краіну, што старшынюе ў цяперашні час у Савеце Еўрапейскага саюза.