"Дынама-Брэст" святуке гол у вароты "Віцебска". Фота TUT.by

24 лістапада «Дынама-Брэст» датэрмінова стала чэмпіёнам Беларусі па футболе. У 29-м туры берасцейцы на сваім полі абгулялі «Віцебск».

Як паведамляе Еўрарадыё, чэмпіёнскі матч складаўся для «Дынама» няпроста. З-за дыскваліфікацый гэтую гульню прапускалі адразу трое паўабаронцаў з «асновы» берасцейцаў: Сяргей Кісляк, Аляксандр Наёк і Уладзіслаў Васільеў. «Віцебск» і не збіраўся здавацца, але на 38-й хвіліне абаронцы паўночнікаў пасля навеса не змаглі вынесці мяч са штрафной, і гэтым скарыстаўся Аляксей Хабленка. Больш галоў у матчы не было.

Футбалісты БАТЭ (Барысаў) заставаліся адзінымі лідарамі беларускага футбола на працягу 13 гадоў. Менавіта столькі — 13 разоў запар — яны выйгравалі чэмпіянат Беларусі. Але ў гэтым сезоне клубу заставалася толькі змагацца за другое месца з салігорскім «Шахцёрам».

Развязка гэтай дуэлі таксама наступіла ў 29-м туры чэмпіянату. БАТЭ не пакінуў шанцаў мінскаму «Дынама», выйграўшы 3:0 і забяспечыўшы сабе срэбра. А «Шахцёр» прайграў «Мінску» з мінімальным лікам. У гэтым годзе «кратам» давядзецца задавольвацца бронзавымі медалямі чэмпіяната Беларусі.

"Дынама-Брэст" упершыню ў гісторыі выйграла чэмпіянат Беларусі па футболе
«Дынама-Брэст» — «Віцебск». Фота TUT.by