22 лістапада ў Вільні адбылося перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гг.

Тэлеканал «Белсат» і «Радыё Свабода» вялі у рэжыме онлайн відэатрансляцыю ўрачыстай цырымоніі.

Цырымонія грамадскага развітання з паўстанцамі пачалася а 08:30. Паводле плану, яна працягнецца да 11:30. Пасля чакаецца прыезд афіцыйных дэлегацыяў. Сярод іншых, прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды і прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы. Беларусь рэпрэзентуе віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка. А 12:00 пачнецца святая імша, якую супольна адслужаць біскупы трох краінаў: Літвы, Польшчы і Беларусі.

У 14.00 працэсія спыніцца ля Вострай брамы (Aušros Vartai). Прагучаць песнапенні на літоўскай, польскай і беларускай мовах, пасля чаго працэсія рушыць далей.

У 15 гадзін працэсія павінна прыбыць на могілкі Расу — адзін з самых старажытных некропаляў Літвы. Свой «спачын» яны знойдуць у капліцы, якую адмыслова адрэстаўравалі да цырымоніі перапахавання.

Тут пройдзе апошняе развітанне з героямі паўстання. А 16-й капліцу адкрыюць для грамадскага наведвання.

У 9.45 Труны з парэшткамі паўстанцаў унеслі ў базіліку Катэдральнага сабору Святых Станіслава і Уладзіслава, перадае Белсат.

Урачыстае перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гг.
Труны з парэшткамі паўстанцаў унеслі ў базіліку Катэдральнага сабору Святых Станіслава і Уладзіслава. Фота Дзяніс Дзюба belsat.eu

10:45 Людвіка Кардзіс, кіраўніца Віленскага беларускага музею імя Івана Луцкевіча, у эфіры «Белсату» дзеліцца ўспамінамі, што памяць Каліноўскага і раней ушаноўвалі на гары Гедзіміна ды ўскладалі кветкі да драўлянага крыжа, пастаўленага архітэктарам Антоніем Вівульскім.

11:15 Гісторык Алесь Краўцэвіч распавядае, што Санкт-Пецярбург паўплываў на фармаванне Кастуся Каліноўскага:

«Гэта адзіная асоба, адзіны сапраўды нацыянальны герой, які прысутнічае ў масавай свядомасці Беларусі. Незалежна ад узросту, поглядаў, палітычных перакананняў. Гэта адзіны герой, які дастаўся незалежнай Беларусі ў спадчыну ад савецкай Беларусі».

12:10 На ўрачыстасці ў Вільні прыехала старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. Сёння адбудзецца ўрачыстае паседжанне Рады БНР у Вільні.

«Я заўсёды лічыла Кастуся Каліноўскага нацыянальным героем», – кажа Івонка Сурвіла у эфіры «Белсату».

«Не прыехаць на пахаванне было б здрадай краіне. Нашая ўлада саромеецца прыехаць на свята найвялікшага героя Беларусі. Але зняважыць Каліноўскага немагчыма. А беларускім уладам ганьба», – кажа першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч у эфіры «Белсату».

Урачыстае перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гг.
Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Фота Дзяніс Дзюба belsat.eu

12:45 Афіцыйны прадстаўнік Беларусі, віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка, у Вільні.

Урачыстае перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гг.
Удзельнікі беларускай афіцыйнай дэлегацыі. Наперадзе віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка. Фота Дзяніс Дзюба belsat.eu

12:50 Прэзідэнты Польшчы і Літвы Анджэй Дуда і Гітанас Наўседа зайшлі ў Катэдру. Праз некалькі хвілінаў пачнецца ўрачыстая імша. Тадэвуш Кандрусевіч прадставіць Беларусь на беларускай мове.

13:00 У Катэдры пачалася ўрачыстая імша.

13:10 На закрытай урачыстай цырымоніі пачалася частка прад назваю «Літургія слова» – на ёй прачытаюць урыўкі са Святога пісання.

13:40 Пачынаецца эўхарыстычная літургія. Гэта ключавы момант імшы.

14:07 Прамаўляе Тадэвуш Кандрусевіч.

«Паўстанцы былі прадстаўнікамі розных народаў і веравызнанняў. Але ўсе яны змагаліся з царызмам за свабоду сваіх народаў. Змагаліся за нашу і вашу свабоду. Сярод іх Кастусь Каліноўскі. Сын беларускага народу, лідар нацыянальна-вызваленчага руху, публіцыст і паэт, высакародны чалавек, які вызначаўся незвычайнаю сілаю духу і з’яўляўся адным з кіраўнікоў паўстання.

Таму сённяшняя падзея мае вельмі вялікае значэнне для Беларусі. Кастусь Каліноўскі належыць нашай гісторыі як той, хто ўсведамляў беларусаў як асобную нацыю, якая мае права на самавызначэнне. У ім і ягоных паплечніках мы бачым своеасаблівы альтруізм, самаахвярнасць, усведамленне ўласнае годнасці…

Мы хочам яшчэ раз асэнсаваць, да чаго можа прывесці адсутнасць любові да бліжняга і павагі да яго правоў. Мы таксама хочам аднавіць братэрскія адносіны з суседнімі народамі і вернікамі розных веравызнанняў. Нішто так не аб’ядноўвае, як пралітая за агульныя ідэалы кроў».

14:15 Слова ўзяў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

«Кастусь Каліноўскі нарадзіўся каля сучаснай беларуска-польскай мяжы, лісты з-пад шыбеніцы пісаў на беларускай мове, заклікаючы народ змагацца за справядлівасць і свабоду… Як і ў тыя далёкія часы, дэвіз «за нашую і вашую свабоду» сёння застаецца актуальны».

14:25 Польскі прэзідэнт Анджэй Дуда:

«Мы сустрэліся, каб супольна ўшанаваць герояў паўстання 1863–1864 гг. Мы сустрэліся пад знакамі Белага арла, Пагоні і святога арханёла Міхаіла, гербамі Польшчы, Літвы і Русіі. Рывок 1863 года быў накіраваны супраць царскай імперыі, якая знішчала нашую супольную дзяржаву і зняволіла нашыя народы.

Гэтае паўстанне было апошнім акордам той цудоўнай сімфоніі розных культур, моваў і веравызнанняў, якія гучалі ў Рэчы Паспалітай. Гэтай урачыстасцю мы аддаем апошні паклон і пахаваем парэшткі дваццаці герояў паўстання».

14:40 Віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Петрышэнка прамовіў па-беларуску:

«Беларуская мова прысутнічае ў афармленні мемарыялу, дзе будуць пакоіцца паўстанцы. Мы ўдзячныя літоўскаму боку за праведзеную працу і плённую супрацу. І безумоўна за магчымасць быць усім разам у Вільні дзеля ўшанавання нашых землякоў…

Для кожнай краіны ёсць свой вобраз Каліноўскага, але ён не павінен стаць той гістарычнай постаццю, якая выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах. Наадварот, гэта тая старонка нашага супольнага мінулага, якую мы павінны шанаваць і якая нас аб’ядноўвае цяпер і ў будучыні».

15:00 З Катэдры выносяць труны з парэшткамі паўстанцаў. Калона рухаецца на віленскія могілкі Росы. Урачыстая працэсія зробіць адзін прыпынак – каля Вострай брамы.

Урачыстае перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гг.
Кастусь Каліноўскі і Зыгмунд Серакоўскі – лідары паўстання 1863–1864 гг. Іх труны накрытыя сцягамі. Фота Ірына Арахоўская belsat.eu

15:24 Урачыстае шэсце ідзе галоўнымі віленскімі вуліцамі. Да яго далучаецца ўсё больш людзей.

16:00 Ганаровая варта літоўскага войска дайшла да Вострай брамы. Тут адбудзецца малітва за загінулых.

16:30 Труны з паўстанцамі данеслі да нацыянальнага некропалю – могілак Росы. Тут пройдзе апошняе развітанне з героямі паўстання 1863–1864 гг. Іх пахаваюць у капліцы.

17.00 Сцягі, якімі былі накрытыя труны лідараў паўстання 1863-1864 гг. Кастуся Каліноўскага і Зыгмунда Серакоўскага, перадалі прэзідэнтам Польшчы і Літвы.

17:10 Роты ганаровых вартаў польскага і літоўскага войскаў салютуюць паўстанцам.

17:30 Капліцу на могілках Росы адкрылі для ўсіх ахвотных аддаць даніну павагі пахаваным паўстанцам.

Урачыстае перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гг.
Цырымонія грамадскага развітання з паўстанцамі. Фота Дзяніс Дзюба belsat.eu

Труны з парэшткамі ўдзельнікаў паўстання 1863-1864 гг. Фота Дзяніс Дзюба belsat.eu
Урачыстае перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гг.
Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. Фота nn.by
Урачыстае перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гг.
Фота nn.by
Урачыстае перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гг.
Фота nn.by
Урачыстае перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гг.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда разам з жонкай Агатай Корнгаўзэр-Дудай. Фота Дзяніс Дзюба belsat.eu
Урачыстае перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гг.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа разам з жонкаю Дыянай Няпайце-Наўседзіене. Фота Дзяніс Дзюба belsat.eu
Урачыстае перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гг.
Беларускія сцягі на вуліцах Вільні. Фота Ірына Арахоўская belsat.eu
Урачыстае перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гг.
Урачыстасці ў Вільні. Перапахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага і ягоных паўстанцаў. Фота Дзяніс Дзюба belsat.eu
Урачыстае перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гг.
Урачыстае перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864. Калона праходзіць праз Вострую браму. Фота Ірына Арахоўская belsat.eu
Урачыстае перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гг.
Жалобная працэсія на могілках Росы. Фота Дзяніс Дзюба belsat.eu
Урачыстае перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гг.
Жалобная працэсія на могілках Росы. Фота Дзяніс Дзюба belsat.eu

Кастусь Каліноўскі быў адным з кіраўнікоў паўстання 1863 – 1864 гадоў. Выдаваў з паплечнікамі першую беларускамоўную газету – «Мужыцкая праўда». Быў схоплены царскімі жандарамі ды пакараны смерцю праз павешанне за арганізацыю паўстання супраць царскага рэжыму. Расправа адбылася 22 сакавіка 1864 года на Лукішскім пляцы ў Вільні. Імаверна, што Каліноўскага пахавалі на Гары Гедыміна, дзе ў тыя часы месціўся расейскі вайсковы гарнізон.

У ліпені 2017 году падчас раскопак на гары Гедыміна ў Вільні былі знойдзеныя парэшткі 20 асобаў. Даследчыкі Віленскага ўніверсітэту прыйшлі да высновы, што з верагоднасцю ў 95 % сярод іх ёсць і парэшткі Кастуся Каліноўскага, кіраўніка паўстання 1863-1864 гадоў.