Кастусь Каліноўскі

Сёння ў Вільнюсе адбываецца ўрачыстае перапахаванне Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў па паўстанні 1863 года. Са старажытнага Кафедральнага касцёла, дзе раніцай прайшла паніхіда па паўстанцах, труны ў суправаджэнні ганаровага вайсковага эскорту былі дастаўлены на гістарычныя могілкі Росы, дзе, паводле рашэння літоўскіх улад, з’явіўся адмысловы мемарыял.

У цырымоніі бярэ ўдзел дэлегацыя Беларусі на чале з віцэ-прэм’ерам Ігарам Петрышэнкам. Паводле папярэдніх звестак, у Вільнюс з гэтай нагоды прыехалі тысячы беларусаў – Беларуская чыгунка нават пусціла некалькі дадатковых цягнікоў, а турыстычныя кампаніі арганізавалі адмысловыя двухдзённыя туры ў сталіцу Літвы.

Удзел у жалобным мерапрыемстве ўрадавай дэлегацыі з Мінска – яскравы адказ тым самаўпэўненым беларускім чыноўнікам і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, якія апошнім часам у сваіх публічных выступленнях спрабавалі пазбавіць Каліноўскага звання нацыянальнага героя, залічваючы яго то ў «польскія мяцежнікі», то ў «мясцовыя тэрарысты». Трэба прызнаць, што ў сваёй адыёзнай дзейнасці яны дамагліся пэўных вынікаў – былі скасаваны дзяржаўны ордэн Кастуся Каліноўскага (яго ніхто так і не атрымаў) і Дзяржаўная прэмія імя Каліноўскага (яе лаўрэатамі паспелі стаць усяго трое). А таксама са школьнай праграмы па беларускай літаратуры была выключана публіцыстыка Каліноўскага – тэксты, апублікаваныя ў газеце «Мужыцкая праўда» пад псеўданімам Яська-гаспадар з-пад Вільні, і знакамітыя «Пісьмы з-пад шыбеніцы».

Гэтыя творы-дакументы і сёння гучаць надзвычай надзённа, асабліва развітальныя «Пісьмы з-пад шыбеніцы». Напісаныя ў расійскай турме ў чаканні смяротнага пакарання і нелегальным шляхам перададзеныя на волю, яны ўяўляюць сабой своеасаблівы духоўны тастамент Каліноўскага беларускаму народу. Упершыню пісьмы былі апублікаваны ў Парыжы гісторыкам паўстання Агатонам Гілерам у 1867 годзе, ён жа даў ім і загаловак – «Да беларускага люду. Пісьмы з-пад шыбеніцы Канстанціна Каліноўскага» (аўтограф аднаго з іх быў адшуканы Уладзімірам Казберуком у варшаўскім архіве ў 1980-м).

На першы погляд падаецца, што ў сваіх «Пісьмах…» К.Каліноўскі занадта катэгарычна выказваецца на адрас Расіі. Але трэба памятаць, што яны пісаліся ў той час, калі Мураўёў-вешальнік ужо падпісваў смяротныя прысуды паўстанцам (128 з іх будуць павешаны і расстраляны, каля 12.000 адправяцца на сібірскую катаргу), калі Беларусь імкліва ператваралася ў лагер расійскай ваеншчыны. У той час маскоўскія славянафілы дружна падтрымалі расійскі царызм і публічна называлі «Мужыцкую праўду» «паскудным польскім лістком, поўным паклёпаў на Расію». Вось адкуль у радках Каліноўскага горкі сарказм і песімізм адносна расійска-беларускага брацтва. Вось адкуль параўнанне расійскіх чыноўнікаў, што спяшаліся ў «Северо-Западный край» «на ловлю счастья и чинов», з ненажэрнай саранчой, што глуміць усё на сваім шляху…

На вялікі жаль, і праз 155 гадоў пасля гераічнай смерці аўтара «Пісьмаў…» імперскія памкненні з боку Масквы ў дачыненні да Беларусі час ад часу праяўляюцца. Праўда, сёння яны хітра маскіруюцца словамі «паглыбленая інтэграцыя». Сяму-таму ў Крамлі незалежная Беларусь, як выглядае, не дае спакойна спаць. Такім «інтэгратарам» і даў адказ Кастусь Каліноўскі, наш нацыянальны герой №1, у «Пісьмах з-пад шыбеніцы». Зрэшты, і беларусам не зашкодзіць іх перачытаць, паўтарыўшы для сябе неўміручы паўстанцкі пароль: «Каго любіш? – Люблю Беларусь. – Так узаемна!».

Пісьмы з-пад Шыбеніцы

І да нашага кутка даляцела ваша Газетка(1), і мы яе з увагай прачыталі; вельмі яна ўсім спадабалася, бо праўда напісана. Прымеце для таго нашу падзяку, а пісьмо аддрукуйце, каб знаў свет Божы, як мужыкі Беларусы глядзяць на маскалёў і паўстанне польскае, чаго яны хочуць і чаго па сваёй сіле дабіваціся будуць. Слова наша простае, но зато шчырае; калі яно дойдзе да ронду(2) польскага, адкрые яму нашу грудзь да і пакажа, што па-нашаму рабіці трэба, каб панаванню маскоўскаму не цяпер, то пазней канец ужэ палажыці.

Са ўсіх старон маскалі цяпер талкуюць нам без устанку а сваём брацтве з намі. Праўдзіва дзівота, жывучы пад рондам маскоўскім гэтулькі часу, цяпер ледзь мы аб гэтым пачулі, для таго не без карысці будзе паглянуць, як гэта маскоўскія браты самі ў сябе гаспадарылі да і з намі рабілі, каб пазнаць іх шчырасць і права на брацтва нашае.

Не будзем гаварыці, з якіх народаў маскалі паўсталі, брацтва там не многа найдзем, няволя манголаў да і цароў маскоўскіх саўсім забіла ў гэтам народзе ўсякую памяць а свабодзе да і зрабіла з яго грамады людзей паганых без мыслі, без праўды, без справядлівасці, без сумлення да і без баязні Боскай. З гэтакім народам цары маскоўскія, што то жывуць людскою крыўдаю, падбілі зямлю нашу пад сваё панаванне, тут то мы іх і пазналі, гэтых, як яны сябе называюць, братоў нашых.

Ронд польскі, правіўшы намі, не браў з нас рэкрута, не адрываў народу ад дзяцей, ад бацькоў да і ад зямлі роднай і не гнаў гдзесь у канец свету, каб завадзіць няволю, выціскаць слёзы і праклёнства на душы нашай. Ронд польскі калі браў з нас падымнае, то не заводзіў гэтакіх стаенных(3) падаткаў на душы нашы, што то да Бога адно належаць. Ронд польскі, маючы Бога ў сэрцы, не ўпісаў нас у схізму, у каторай адно за цара да за цара маліціся трэба, як бы ўжэ цар быў Богам на свеце, а вера да казны належала. Ронд польскі ўжо таму будзе 70 лет, выперажаючы многа суседскіх народаў, пачаў ужэ талкаваці а свабодзе мужыцкай і роўнасці братняй(4) мужыка з шляхціцам, а генерал Касцюшка, што то, кажуць, каля Слоніма радзіўся і а каторым народ наш спявае, што ён вельмі быў добрым і маскаля крэпка біў, высказаўся ён за вольнасць нашу, но маскаль перашкодзіў і завёў свае ронды.

Пагляньма ж цяпер, што ён зараз пачаў рабіці, гэты дабрадзей мужыцкі, як сам цяпер кажа: найперш, каб не магло вырабляціся сумленне народнае, пакасаваў маскаль усе сходкі людзей выбарных, усе школы нашы, а так, абабраўшы з сумлення да і з розуму, а завёўшы ў нас свой парадак маскоўскі, пазволіў кожнаму дужшаму глуміцца над бедным як толькі хоча. Паноў саўсім увольніў ад усякіх ценжараў, даў ім права завадзіць паншчыну маскоўскую, а яна то не тры да не шэсць дзён з хаты, но 6 дзён з душы рабочай. Мужыку не толькі што не даў ніякага права, но яшчэ адабраў і тое права, якое ён меў ад ронду польскага; многа людзей вольных вялеў у паншчыну ўпісаць, кажнаму можна было мужыка крыўдзіць, а чыноўнікі маскоўскія не рабілі яму ніякай справядлівасці, но яшчэ калі суд на глум не ссылаў мужыка ў Сібір, то аддаваў на вечнасць у салдаты.

Калі які пан, паслухаўшы сумлення, ішоў за праўду і справядлівасць і супраціўляўся прыказу царскаму, каторы кажа «дзяры, бяры да і маўчы», тады яго, калі не ўцёк да пранцуза, у турму бралі да і ў Сібір гналі, а двор з людзьмі ў казну забіралі, стуль то ў нас і мужыкі казённыя. Пярвей яны служылі казне паншчыну, а после ў аброк іх упісалі, дай акром аброку ганялі без ніякай падзякі ўсялякаму чорту на работу: то акружному, то асэсару дай кожнаму, хто адно перакупіў. Начальства ось то якое маскоўскае для мужыкоў, а нібы дабрадзей!

Няхай той сам судзіць, хто пісьмо маё чытаці будзе, я адно скажу па шчырай праўдзе: што калі нам пад рондам польскім не саўсім было добра, то як маскаль стаў намі правіць, зрабіў ён для мужыкоў чыстае пекла на свеце. Тут сказаці яшчэ трэба, што ён змусіў нас пакідаці Бацькаўшчыну, ісці ў рэкруты, дай ваяваці не за прыказ Боскі, не за праўду і справядлівасць, но за глум, за няволю не раз проціў братоў да бацькоў нашых. Тут сказаці трэба, што маскаль, дабрадзей мужыцкі, зняўшы з паноў усялякія падаткі, зваліў іх адно на мужыцкае племя, аблажыў падаткамі і мужыцкую зямлю, і мужыцкія хаты, і мужыцкую душу, і мужыцкія дзеці, і мужыцкую скаціну, жывых і ўмершых.

Но не тут яшчэ канец маскоўскага дабрадзейства. З дзядоў і прадзедаў была ў нас уніяцкая вера, гэта значыць, што мы, будучы грэцкай веры, прызнавалі за намеснікаў Боскіх святых айцоў, што ў Рыме. Царом маскоўскім і гэта стала завідна, для таго, скасаваўшы ў Маскве грэцкую веру, а зрабіўшы царскую, што то называецца праваслаўе, і нас адарвалі ад праўдзівага Бога і ўпісалі ў схізму паганую. Такім спосабам, абабраўшы з гроша, з рук спасобных, запраглі нас у паншчыну, і каб слёзы мужыцкія не трапілі перад трон праўдзівага Бога, забралі нам і духоўную нашу пацеху – нашу веру ўніяцкую. Праўда, людцы, ёсць за што падзякаваці!..

А чыноўнікі то маскоўскія – яшчэ адно дабрадзейства. Чытаў я ў кніжках, што ёсць на свеце якась саранча, катора як гдзе пакажацца, усю худобу гаспадарскую зглуміць. Маем мы, браткі, горшую яшчэ ад той саранчы, а гэта чыноўнікі маскоўскія з сваёю «праўдаю» і «справядлівасцю», яны людзі вельмі здатныя, па-маскоўску «праворныя», умеюць так аблізаць чалавека, што з рук іх выйдзеш голенькі, як маці радзіла – і жыві пад гэтакім рондам без суда і праўды.

Зараз па вайне з пранцузам пад Севастопалем пачалі меж намі слухі хадзіці, што маюць мужыкам даць вольнасць. Ждалі мы доўга, аж нарэшце тры леты таму выйшаў указ царскі, – праўда, многа там было напісана, а карысці то для нас мала. Парабілі адно канцылярыі, пасрэднікаў, старшынаў, пісараў – усё за грошы мужыцкія, а паншчыну як хадзілі, так і трэба было хадзіці. Дачуўшы гэта, сталі мы працівіцца, і тут то і маскалі знайшліся, каб прымусіць нас да міласці царскай, а нагайка казацкая мела скрапіць наш братні вузёл, не ведаю адно з кім: ці з панамі, ці з маскалямі. Няхай за мяне скажуць тыя, што мелі ахвоту скрапляці, дабрадзеі нашыя, браты маскоўскія.

Трудна сказаць, як доўга мы бы ў паншчыну хадзілі, каб не паўстанне польскае. Ронд польскі, аб’явіўшы свой маніхвэст, зямлю мужыцкую аддаў мужыком на вечнасць, і мы перасталі зараз у паншчыну хадзіць. А калі Бог усёмагучы навярнуў паноў да праўды і зрабіў іх паслушнымі прыказам ронду польскага, тагды маскалём настаў кепскі час, і яны мусілі паняволі прыпісаціся да нашага і жыдоўскага брацтва. Бач, які мудроны брат; аднак крыху і так ашукаўся, бо як той казаў, «і ў брата не свая хата», і брат пайшоў бы ў паўстанне, каб меў якую качаргешку ў рукі ўзяці. А жыд, хаця пагаворка і кажа «як бяда, то да жыдá», не заўсягды голых прымае, тым бардзей такіх, што нажлапталіся нямала і слёз, і крыві жыдоўскай. Но, каб ляпей пазнаць маскоўскую хітрасць, пагляньма шчырым вокам, што цяпер маскалі выраблялі з намі, у гэту ліхую для сябе гадзіну, калі, пабіўшыся з палякамі, каб удзяржаць сваё панаванне, да нашага брацтва хочуць упісаціся.

Ронд польскі цяпер аддае нам на вечнасць зямлю нашу за нашу працу, маскаль піша дай устанаўляе якіясь там чыншы, каторым ніколі ніякага канца не будзе, як то між мужыкамі казённымі. Калі ронд польскі дае нам вольнасць праўдзівую, маскаль, не кажу цэлымі сёламі, а цэлымі грамадамі гоніць людзей, саўсім адняўшы свабоду, у сібірскія пустыні. Калі ронд польскі ўсім братнім народам дае самарондства, маскаль мала таго, што гэтак не робіць, но яшчэ там, гдзе жылі палякі, літоўцы і беларусы, заводзіць маскоўскія школы, а ў гэтых школах вучаць па-маскоўску, гдзе ніколі не пачуеш і слова па-польску, па-літоўску да і па-беларуску, як народ таго хоча, а ў гэтыя школы адно з другога канца свету маскалёў насылаюць, што толькі ўмеюць красці, людзей абдзіраці дай служыць за грошы паганаму дзелу на глум народу. Дзікі маскаль думае, што калі можа народ абдзіраці з усякага дабытку, то і патрапіць кажнаму ўбіць у галаву свой дурны розум, дурны для таго, што розум маскоўскі калі не раз харашо кажа, то ніколі па-людску нічога не робіць, адно людзей абманывае, а перад кнутом царскім гнецца, як астатні валацуга.

Трудна ўсё гэта расказаці, што мы ўжэ кроўю запісалі, так што слёзы льюцца, чытаючы бяспраўе, якое маскалі рабілі дай да гэтай пары яшчэ робяць. Хто хоча дазнаць праўдзівага смаку, няхай сам пажыве пад рондам маскоўскім і паглядзіць, якое дабрадзейства мужыкі мелі; ось то для чаго кажам: што польскае дзела гэта наша дзела, гэта вольнасці дзела.

Но не мала працы трэба, каб здабыць гэту свабоду, каторай жджэ ўсякі, пачаўшы ад дзіцяці да старога дзеда, бо калі маскаль гэтулькі лет упускаў свае пазуры ў грудзь нашу, так не дзіва, што трэба пацярпець доўга, каб вырвацца з-пад яго братняй апекі, для таго і не без карысці будзе, калі цяпер паталкуем, якія мы маем на то спосабы; гаварыць тут будзем мало, кожны ведае для чаго, бо маскаль не павінен ведаць, пераняўшы на прыпадак пісьмо гэта.

Доўга палякі ждалі помачы з заграніцы, народы чужаземныя крычалі многа і да гэтай пары нічога для нас не зрабілі; кажуць, што яны не маюць ніякай патрэбы сваей у польскім дзеле, каб на маскаля ісці за нас ваяваці. Двесці лет таму назад бацькі нашы ляпей ужэ казалі: «Калі маеш Бога ў сэрцы і прыказ Яго, памагай бліжняму» і ішлі бараніць хрысціянства ад татарскай дзічы(5); да гэтакай помачы хаця і маем права, но мы не вымагаем, няхай кожан робіць, як яму ляпей здаецца.

Аднак сказаці тут трэба, што калі ўсе каралі падпісалі нашу няволю маскоўскую(6), то яны вельмі скрыўдзілі чэсць сваю, што змыць гэтае бясчэсце не толькі патрэба, но кожан мусіць, каб мець сумленне чыстае. Для таго, знаючы, як стаіць наша дзела за граніцай, не перастаем верыць, што мысль Боска, правёўшы векі, не дасць загінуць праўдзе і справядлівасці, калі ўжэ не знайдзе для таго спосабу ў цяперашнім парадку, разарве гэты вузёл дай паверне сілу народу куды схоча. Нам адно сільна з шчырай верай за сваё стаяці трэба, а ронд наш павінен быць на ўсё чуткі, каб мог для дабра народнага з усяго карыстаць; сілы нашы яшчэ вялікі, ваяваць з імі можам Бог ведае як доўга, но для таго трэба, з адной стараны, іх аберагаць, а з другой, вырабляць штораз новыя.

Калі паўстанне зроблена пад добрую пару – узрастае і ажыўляе народ, не ў час – марнуе сілы кожнага, аслабляе ў прастоце духа дай разводзіць страх і няверу ў дзела наша, у моц Божу. Ронд польскі і яго чыноўнікі ведаюць гэта і для таго, каб служыці добра перад Богам і сумленнем народным, робяць не штучныя завірухі, но, паняўшы духа народнага, яго патрэбы і волю, будуць падхватываць дай разумна застаўляць палкі народныя, а развіваючы непадатлівасць у народных несканчоных бунтах, ставіць апору маскоўскаму ў нас панаванню. Работа тут не хутка дай непаказна, но зато пэўна, і яна нас давядзе да канца добрага. Работа тут сярмяжна, для таго каб была скутэчна(7), павінна быць так шчыра і проста, як тое сэрца, што б’е пад сярмягай, як той розум мужыцкі, што не перабірае, калі рабіць трэба. Тагды слова ронду польскага – «вольнасць, роўнасць дай свабода народу» – пяройдзе ў кроў кожнага, і цэла моц маскоўская нас не пераможа, хаця ж бы ёй самое пекла памагаці стала.

Рук ахвотных і сягодня ў нас даволі, но з голымі рукамі не ісці на штыкі маскоўскія.
Ронд польскі і яго чыноўнікі павінны добра над гэтым падумаць, грошы ў нас будуць, бо мы знаем патрэбу таго, бо мы маем спосабы на тое. Но каб за нашы грошы мы мелі што ў рукі ўзяці, ронд польскі гэтаму зарадзіць(8); а калі натрапіць перашкоды, то пры помачы Бога і свайго права, упісанага ў нашых грудзях, усё з часам пераможа.

Ты, аднак, Народзе, не дажыдайся, да з чым можаш ідзі ваяваці за свайго Бога, за сваё права, за сваю хвалу, за сваю бацькаўшчыну. Для цябе ўсё можна: нож, сякера, атрута; гэта твае спосабы, бо табе, як таму мужыку нявольнаму, бяспраўнаму, не прызнаюць права самаабароны, бо табе нічога не можна. А калі народы загранічныя, з дзіва разінуўшы рог, скажуць: «шалёныя», Ты, Народзе вялікі і чэсны, праўдай ім адкажы, што яны таму прычынай, што гэта на іх сумленне цяжкім грэхам ляжа.

***

Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і можа, раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой Народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, – но не жаль згінуць за тваю праўду.

Прымі, Народзе, па шчырасці маё слова прадсмертнае, бо яно як з таго свету толькі для дабра твайго напісана.

Нямаш, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае
розум і навуку. Тады ён толькі магчыме жыці ў багацтве, па праўдзе, тады ён толькі, памаліўшысь Богу, заслужыць неба, калі збагаціць навукай розум, разаўе сэрца і радню цэлу сэрцам палюбіць. Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам навука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай наукі, – адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу.

Для таго, Народзе, як толькі калі пачуеш, што браты твае з-пад Варшавы б’юцца за праўду і свабоду, тады і ты не аставайся ззаду, но, ухапіўшы за што зможаш, за касу, сякеру, цэлай грамадой ідзі ваяваці за сваё чалавечае і народнае права, за сваю зямлю родную.

Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тады толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ не будзе.
                                                                  Твой слуга Яська-гаспадар з-пад Вільні.

1 — Маецца на ўвазе паўстанцкая газета «Глос з Літвы», якая выходзіла ў Кёнігсбергу.

2 — Ронд – урад.

3 — Стаенны падатак – у №3 «Мужыцкай праўды» гаворыцца пра непамерныя падаткі «на царскія стайні, псярні і курвы».

4 — Гаворка пра Канстытуцыю 3 мая 1791 года, дзе дэклараваліся дэмакратычныя перамены ў Рэчы Паспалітай, куды ў той час уваходзіла Беларусь.

5 — На думку даследчыка Г.Кісялёва, аўтар мае на ўвазе войны Рэчы Паспалітай з Крымскім ханствам і Асманскай імперыяй.

6 —  К.Каліноўскі нагадвае пра Венскі кангрэс (1815), які ўзаконіў падзел Рэчы Паспалітай і пасля якога Беларусь апынулася ў Расійскай імперыі.

7 — Скутэчная – эфектыўная.

8 — Зарадзіць – паспрыяе.

«Пісьмы з-пад шыбеніцы» друкуюцца паводле выдання: Каліноўскі К. За нашую вольнасць. Творы, дакументы. – Мінск, «Беларускі кнігазбор», 1999. Укладанне, прадмова, пасляслоўе, пераклады і каментарыі Генадзя Кісялёва

***

Газета «Народная Воля» № 92 (4447) за 22 лістапада