Фота: government.ru
Учора кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Расіі абмеркавалі «дарожныя мапы» па інтэграцыі практычна ва ўсіх сферах: энергетыка, фінансы, прамысловасць, аграрны комплекс, сувязь, макраэканоміка, падатковае рэгуляванне, грашова-крэдытная палітыка.

Сяргей Румас
паведаміў, што 31 «дарожная мапа» ўключае больш за 700 мерапрыемстваў. На пачатак учорашніх перамоваў няўзгодненымі паміж дзяржавамі былі каля 40 такіх мерапрыемстваў, інфармуе Еўрарадыё.
«Я думаю, не менш за палову з гэтых няўзгодненых пазіцый нам удалося сёння зняць. Не менш за 20 «дарожных мапаў» сёння гатовыя да падпісання. Разам з тым сапраўды засталіся складаныя пытанні, па якіх нам не ўдалося знайсці сёння развязку. Але гэта не значыць, што развязак па іх не існуе», — аптымістычна выказаўся беларускі прэм’ер.
Яго расійскі калега ў сваёй прамове адзначыў, што перамоўны працэс адбываецца нялёгка.
 
«Відавочна, што гэта няпростыя працэсы. Яны заўсёды суправаджаюцца ўсплёскам нейкіх эмоцый, куды рухацца, дзе межы суверэнітэту, па якіх пытаннях трэба прымаць цяпер рашэнні, па якіх пытаннях не трэба прымаць рашэнні. Я думаю, што для нас вельмі важна ў цяперашні момант проста, што называецца, градус вось такой рыторыкі істотна панізіць, паколькі мы павінны ў спакойным, прагматычным ключы абмяркоўваць пытанні, якія маюць фундаментальнае значэнне для грамадзян нашых краін, іх будучыні, перш за ўсё эканамічныя, сацыяльныя пытанні. І таму тут важныя не лозунгі, ня ідэалагічныя штампы нейкія, клішэ, а менавіта такі прагматычны падыход, які і дазволіць, на мой погляд, выйсці на канчатковыя дамоўленасці. Ва ўсякім выпадку расійскі бок на гэта ў поўнай ступені арыентаваны», — падкрэсліў у сваю чаргу Дзмітрый Мядзведзеў.
8 снежня гэтыя «дарожныя мапы» павінны падпісаць кіраўнікі Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін.