Фота: TUT.BY

Беларускі плывец Ігар Бокій, які на апошняй Паралімпіядзе заваяваў адразу 7 медалёў (!), распавёў «Народнай Волі» пра змены ў асабістым жыцці, а таксама пра новыя модныя трэнды і рэкорды.

На Паралімпіядзе 2016 года ў Бразіліі Ігар Бокій быў героем не толькі беларускай зборнай. Сем медалёў – шэсць залатых і адзін бронзавы! Два рэкорды свету і шэсць рэкордаў Паралімпійскіх гульняў!!!

Такім чынам Бокій пераўзышоў уласнае дасягненне па колькасці ўзнагарод Паралімпіяды-2012 у Лондане, калі на яго рахунку было пяць залатых і адзін сярэбраны медаль. Усяго ў спартсмена цяпер 13 узнагарод Паралімпійскіх гульняў, але, як кажуць, у жыцці заўсёды ёсць месца для подзвігу – ужо ў наступным годзе ён возьме ўдзел у Паралімпіядзе-2020 у Токіа.

– Гэты год для мяне адметны, – кажа Ігар. – Некалькі месяцаў таму ажаніўся, так што з халасцяцкім жыццём скончана. Марына, як і я, з Бабруйска, пазнаёміліся ў інтэрнэце.

— У сацыяльных сетках?

– Так. Пачалі перапісвацца, праз два тыдні пасля гэтага сустрэліся, а праз два гады ажаніліся. На вяселлі былі толькі самыя блізкія – усяго каля 70 чалавек.

– Чым займаецца жонка?

– Яна скончыла БДУ па спецыяльнасці «бізнес і менеджмент», але зараз працуе майстрам па манікюры. Даўно цікавілася гэтай справай, ёй падабаецца. А што самае галоўнае для чалавека? Каб работа была не цяжкім выпрабаваннем, а прыносіла задавальненне. На працы мы ж праводзім нават больш часу, чым у сям’і.

– Раней вы планавалі набыць кватэру ў Мінску…

– Тое, што задумаў, ужо ажыццявіў, таму кватэрнае пытанне для нас з Марынай на сёння неактуальнае. Хіба што ў мядовы месяц не ўдалося з’ездзіць, бо 9 жніўня адгулялі вяселле, а ўжо праз месяц я выступаў на чэмпіянаце свету.

– Вучобу ўжо скончылі?

– У мінулым годзе атрымаў дыплом юрыста. Спортам вечна займацца не будзеш, давядзецца праз нейкі час акунуцца ў цывільнае жыццё, а юрыдычная адукацыя яшчэ нікому не нашкодзіла.

– Калі казаць пра спаборніцтвы… ужо рыхтуецеся да Паралімпійскіх гульняў-2020?

– Шчыра кажучы, сезон толькі пачынаецца, таму, што называецца, уліваюся ў працэс. І апошнім часам рэжым быў даволі камфортны: невялікія трэніроўкі, сям’я, прагулкі з сабакам, лазня.

Увогуле, раней у мяне было 11 трэніровак на тыдзень. Раніцай займаюся 3 гадзіны і ўвечары 2 гадзіны, хаця могуць быць і выключэнні. Усё залежыць ад таго, як арганізм успрымае нагрузкі. Часам трэнер можа дадаткова «загрузіць», а можа і даць адпачынак.

– Вы выступаеце таксама на чэмпіянаце Беларусі сярод здаровых спартсменаў. Можа
быць, у планах ёсць выступленне і за нацыянальную каманду?

– Для любога спартсмена важна, каб было як мага больш стартаў, таму і ўдзельнічаю ў такіх спаборніцтвах, як першынство Беларусі. Але пра ўдзел у міжнародных стартах пакуль не варта казаць. Для мяне ўсё-такі абраны больш лагодны рэжым трэніровак, ды і вынікі не тыя, каб на нешта прэтэндаваць на сур’ёзных міжнародных стартах.

У мяне праблема са зрокам, а гэта несумяшчальна з тымі нагрузкамі, якія неабходны, каб быў высокі вынік. Таму пакуль сканцэнтруюся на падрыхтоўцы да Паралімпіяды і чэмпіянату Еўропы, які пройдзе ў маі наступнага года.

– На апошніх Паралімпійскіх гульнях вы заваявалі 7 медалёў. Можаце пабіць гэты рэкорд у наступным годзе?

– Складана будзе, але нічога немагчымага няма. Плаванне, як і іншыя віды спорту, не стаіць на месцы, укараняюцца новыя методыкі і тэхналогіі, таму трэба проста ісці ў нагу з часам – і будуць новыя поспехі.

Нават купальныя касцюмы ўплываюць на вынік, і тут таксама трэба сачыць за прагрэсам. Праўда, пасля таго як на адной з Алімпіяд шмат рэкордаў пабілі плыўцы ў гідракасцюмах, іх забаранілі. Занадта хутка плывуць!

– Што, плаўкі зараз не ў трэндзе?..

– Так, у плаўках зараз ужо практычна ніхто не выступае, таму амаль усе спаборнічаюць у спецыяльных шортах, а дзяўчаты – у купальніках па калена. Зрэшты, касцюмы касцюмамі, а найперш трэба разлічваць на свае сілы…

***

Газета «Народная Воля» № 91 (4446)