Прадстаўніца Беларусі на дзіцячым конкурсе песні «Еўрабачанне-2019» у горадзе Глівіцы Лізавета Міснікава выступіць пад нумарам 7, паведамляе БЕЛТА.

Напярэдадні ў Сілезскім тэатры ў г. Катавіцы прайшла цырымонія адкрыцця міжнароднага песеннага конкурсу. Ужо вядома, што адкрые выступленне канкурсантаў прадстаўнік Аўстраліі, завершыць — удзельнік з Сербіі, а беларуская выканаўца выйдзе на сцэну сёмая.

«Вельмі шмат прыемных момантаў у маім жыцці звязана з лічбай 7. Таму, лічу, што гэты нумар для мяне стане шчаслівым», — адзначыла Лізавета Міснікава.

Фінальнае шоу адбудзецца 24 лістапада. На сцэну Arena Gliwice выйдуць юныя таленты з 19 краін: Аўстраліі, Албаніі, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Ірландыі, Іспаніі, Італіі, Казахстана, Мальты, Нідэрландаў, Партугаліі, Расіі, Паўночнай Македоніі, Сербіі, Украіны, Уэльса, Францыі і гаспадыні цяперашняга конкурсу — Польшчы.

З 22 лістапада, у адпаведнасці з правіламі міжнароднага конкурсу беларусы змогуць падтрымаць Лізавету Міснікаву, прагаласаваўшы за кампазіцыю «Пепельный» на сайце песеннага форуму www.junioreurovision.tv. Пачынаючы з гэтага дня можна будзе прагледзець відэаролікі з выступленнямі канкурсантаў і выбраць ад трох да пяці артыстаў, што спадабаліся, у тым ліку ўдзельніка ад сваёй краіны. Акно для галасавання закрыецца непасрэдна перад канцэртам у нядзелю, 24 лістапада, і зноў адкрыецца, калі ўсе песні будуць выкананы, але толькі на 15 мінут.