Ілюстрацыйнае фота

Усім вядома, што адзін раз у год настаўнікі павінны прайсці абавязковы медыцынскі агляд – здаць аналізы, зрабіць кардыяграму, наведаць тэрапеўта, а жанчыны – яшчэ і жаночую кансультацыю. Так было раней. А зараз, згодна з пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь «Аб правядзенні абавязковых і пазачарговых медыцынскіх аглядаў працоўных» ад 29 ліпеня 2019 года за подпісам міністра В.С.Караніка, настаўнікі павінны праходзіць яшчэ псіхіятра і нарколага, здаць аналізы на ганарэю (а чаму не на сіфіліс?).

Гэта можна яшчэ зразумець, калі нехта ўладкоўваецца на работу ўпершыню, тады псіхіятр ці нарколаг можа пацвердзіць толькі тое, што пацыент не стаіць на ўліку, і не больш. А калі настаўнік добрасумленна працуе не адзін дзень, не год, а некалькі дзесяцігоддзяў – навошта гэтая спецыяльная муштра? Чаму чыноўнікі, якія прымалі гэтую пастанову, лічаць некампетэнтнымі дырэктараў школ? Доктар бачыць таго, хто прыйшоў на прыём, можа, раз у год ці наогул першы раз, дырэктар бачыць сваіх падначаленых кожны дзень. І атрымліваецца, што я – выкладчык вышэйшай катэгорыі, са сваім абсалютна цвярозым укладам жыцця сяджу ў чарзе да нарколага разам з тымі, хто без гарэлкі жыць не можа. А побач у чарзе да акуліста сядзіць бацька майго вучня і са здзіўленнем глядзіць на мяне. І гэты подпіс – проста фармальнасць. І дактары гэта таксама добра разумеюць. Але каму з гэтага карысць? Настаўнікам – не, медыкам – не, іх завалілі адпіскамі з ног да галавы. Паліклінікі і так перапоўнены чэргамі хворых. Грамадству ў цэлым – таксама не. І нават прыродзе бюракратычная валакіта прыносіць толькі шкоду, бо тоны паперы ідуць у сметнік. І ніхто не думае, што на выраб паперы знішчаецца лес. А ці кожны з чыноўнікаў пасадзіў хоць адно дрэва? У Ізраілі кожную вясну школьнікі садзяць дрэвы. Было б вельмі добра, калі б і ў нас тыя, хто так «клапоціцца» пра здароўе настаўнікаў, лепш садзілі б дрэвы…

Поўны тэкст артыкула выкладчыцы Дзіцячай школы мастацтваў з 35-годовым стажам, члена Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў Святланы АБДУЛАЕВАЙ чытайце ў газеце «Народная Воля» за 19 лістапада