Фота аўтара

Самы шматлюдны мітынг за ўсю перадвыбарчую кампанію зладзілі 15 лістапада ў Гомелі незалежныя кандыдаты ў дэпутаты і блогеры. 

Прыладна праз сорак хвілін пасля яго пачатку каля супермаркета “Еўраопт” на вуліцы Хатаевіча сабралася не меней, як 300 гараджан. Доўжыўся мітынг амаль чатыры гадзіны.

Ананасаваў і распачаў імпрэзу блогер Сяргей Ціханоўскі. Ён паведаміў, што да “Еўраопта” не даехаў з гукаўзмацняльнай апаратурай і светатэхнікай кандыдат у дэпутаты па Гомельскай-Юбілейнай акрузе №31, фермер Юры Ганцэвіч – яго трактар з прычэпам затрымалі супрацоўнікі ДАІ на пераездзе каля Пакалюбіч. Сталі правяраюць нумары рухавіка, шасі, прычэп, хоць да гэтага Юры неаднаразова прыязджаў у сваю выбарчую акругу на тым самым трактары.

Свой сюрпрыз паднеслі і ахоўнікі “Еўраопта” – яны разабралі змантаваную на ускрайку пляцоўкі невялікую сцэну, з якой меліся прамаўляць выступоўцы. Спаслаліся на тое, што, маўляў, кандыдаты ў дэпутаты мітынг замовілі, а сцэну – не.

“У Беларусі няма сумленных выбараў, улада не змяняецца, – казаў на мітынгу блогер Ціханоўскі. – На датэрміновым галасаванні кожны дзень накручваюць яўку. Не здзіўлюся, калі ў нядзелю, 17 лістапада, будзе ўжо звыш 50 працэнтаў прагаласаваўшых. За каго яны там “прагаласавалі” – ведаеце самі. Давайце ж разам скажам: “Хочам сумленных выбараў!”

Прапанову падтрымалі шматгалосым : “Ура! Хочам!”

Кандыдат у дэпутаты ад БНФ па Гомельскай-Сяльмашаўскай выбарчай акрузе № 32 Васіль Раманаў, выступаючы з прамовай, заяўляў, што беларускія ўлады не думаюць пра будучыню краіны. Аднаўляюць не лепшыя савецкія парадкі, але не дбаюць пра рэформы, які наспелі практычна ва ўсіх галінах.

Тацяна Канеўская, кандыдатка ў дэпутаты па Гомельскай-Савецкай выбарчай
акрузе №34, апавяла, што актывісты руху “Маці 328” падрыхтавалі новы законапраект пра супрацьдзеянне незаконнаму абарачэнню наркатычных і псіхатропных рэчываў.

“Прызначанаму ў маёй акрузе дэпутату давядзецца ўносіць гэты законапраект на разгляд парламента. Калі гэтага не будзе, прыкладу ўсе свае намаганні, каб прыбраць з парламента такога дэпутата”, – заявіла Канеўская.

“Я той, у каго на майцы напісана “За Беларусь без Лукашэнкі. Хопіць, дастаў”. Я выступаю за імпічнент Лукашэнку, – пачаў сваю прамову кандыдат па Гомельскай Цэнтральнай выбарчай акрузе № 33, былы афіцэр міліцыі Уладзімір Няпомняшчых. І працягваў: – Ніводзін мой выступ не прагучаў па тэлебачанні і радыё. Не надрукавала яго і газета. Затое напісалі сёння, што я кепска працаваў і нічога не заслужыў. І чаго ў такім разе ад мяне чакаць? У парламент я іду не па грошы, а для таго, каб дамагчыся прызначэння дэпутатам мінімальнай пенсіі. Хочаце больш – рабіце больш для людзей, каб пенсія ў іх падвышалася. Дэпутатам-прызначэнцам наагул не трэба залічваць у стаж гады, якія яны адсядзелі ў парламенце. Няма чаго карміцца за народныя грошы”.

Кандыдатка ў дэпутаты па Гомельскай-Навабеліцкай акрузе №36 Юлія Ганісеўская патлумачыла, што “ўдзельнічае ў цырку пад назвай выбары” дзеля таго, каб нагадаць уладам, што ў новапабудаваных мікрараёнах Навабеліцы няма школ, дзіцячых садкоў ды іншых патрэбных устаноў для побытавых паслуг. Падчас мітынгу збіралі нават подпісы, каб у тамтэйшым мікрараёне “Хутар” як мага хутчэй узвялі і дзіцячы сад, і школу.

Вылучэнец Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэй Смалянчук, які балатуецца ў Светлагорскай выбарчай акрузе №46, скрытыкаваў улады за будаўніцтва ў горадзе кітайскай кампаніяй за мільярд долараў завода беленай цэлюлозы, які мясцовыя жыхары назвалі “смярдзючым” праз выкіды шкодных для здароўя метылмеркаптанаў. Завод ніяк не могуць адладзіць, а светлагорцы ўжо не могуць дыхаць нармальна з-за смуроду.

Падтрымаць гамельчукоў прыехалі з Мінска актывіст БХД, экс-кандыдат на прэзідэнта Віталь Рымашэўскі, а таксама ягоны паплечнік, кандыдат у дэпутаты па Купалаўскай выбарчай акрузе № 95 Пётр Папраўка.

“Злачынства, якое робяць хлусы, крадучы ваш выбар, вашу і вашых нашчадкаў будучыню, руйнуючы падмурак нашай незалежнасці, – гэта не годныя людзі. Яны панясуць адказнасць у адпаведнасці з Крымінальным кодэксам. Мы ведаем, мы памятаем гісторыю нашых продкаў, якія змагаліся за незалежнасць нашай Беларусі. Мы павінны быць роўнымі з імі!” – сказаў кандыдат Папраўка.

На мітынгу выступілі восем незалежных кандыдатаў у дэпутаты, і амаль кожны з іх завяршаў прамову заклікам: “Жыве Беларусь!” І грамада адгукалася: “Жыве!”

Дабраўся да Гомеля і прамаўляў і мінскі блогер Уладзімір Цыгановіч (MozgOn), хоць на пачатку імпрэзы аб’яўлялі, што яго затрымалі ў дарозе.

Слова бралі таксама некаторыя гамельчукі – яны крытыкавалі ўладу за пагаршэнне ўзроўню жыцця, рост цэн, абураліся адсутнасцю справядлівых і сумленных выбараў.

На вялікай пляцоўцы каля “Еўраопта”, дзе паркуюцца машыны пакупнікоў, прысутнічала шмат супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. Яны размясціліся па перыметру па двое-трое, але мітынгоўцаў не чапалі. Заўважылі мінакі і некалькі мікрааўтобусаў з таніраванымі вокнамі.

Блізу 18-й гадзіны стала зусім цёмна. Аднак вулічнае святло, якое звычайна запальваецца ў аўтаматычным рэжыме, не ўключылася. Не асвятляліся нават падыходы да супермаркета і прыпынак грамадскага транспарту. Арганізатары акцыі ўключылі вялікі пераносны ліхтар з аўтаномным сілкаваннем і працягвалі мітынг да 20-й гадзіны.

Мітынг у Гомелі асвятлялі ручным ліхтаром

Мітынг у Гомелі асвятлялі ручным ліхтаром

Мітынг у Гомелі асвятлялі ручным ліхтаром

Мітынг у Гомелі асвятлялі ручным ліхтаром

Мітынг у Гомелі асвятлялі ручным ліхтаром

Мітынг у Гомелі асвятлялі ручным ліхтаромФота аўтара