Зміцер Дашкевіч – сапраўдны снайпер!

265
Зміцер Дашкевіч перамог адразу ў двух спаборніцтвах

Пару дзён таму ў адным са сталічных кафэ прайшоў кубак па стральбе, прысвечаны памяці генерала, дэпутата Палаты прадстаўнікоў другога склікання Валерыя Фралова. Ён пайшоў з жыцця пяць гадоў таму – падвяло сэрца. Валерыя Дзмітрыевіча, які ляжаў на падлозе ў здымнай кватэры, раніцай знайшоў сын…

«Я нядаўна перабіраў нейкія рэчы і знайшоў старыя відэакасеты, – распавядае Дзмітрый Валер’евіч Фралоў. – Відэамагнітафона ў мяне няма, і я папрасіў знаёмага, каб ён алічбаваў запіс. Аказалася, што на касеце – запіс святкавання 50-годдзя бацькі. Гэта быў жнівень 1997 года. Я тады сам здымаў усё, што адбывалася. Мы святкавалі ў Гродне, у нас быў вялікі дом. Бацька любіў сабраць народ, пагутарыць, у нас былі накрыты сталы. У асноўным, канешне, была ўся радня… І недзе ў другой палове ўрачыстасці я падахвоціўся сказаць слова. Мне тады было 25 гадоў. Я пажадаў здароўя-шчасця і сказаў: самае галоўнае, што можа даць бацька сыну, – гэта ўласны прыклад. І паабяцаў, што буду старацца быць падобным на бацьку. І вось я пераглядаў гэты запіс і думаў: а ці сапраўды я браў прыклад з бацькі, як і што я рабіў, радаваўся б ён сёння за мяне ці не? Я пераймаў яму ў нейкіх пытаннях больш, напэўна, знешне. І зусім нядаўна ў мяне з’явіўся зусім іншы інтарэс да яго, мне стаў цікавы вобраз мыслення бацькі, яго стыль кіраўніцтва, асабістыя якасці. Ён вельмі шанаваў у людзях сумленнасць, добрасумленнасць, смеласць. У самога яго ўсё гэта было запраўлена яшчэ і своеасаблівым армейскім пачуццём гумару.

Пяць гадоў прайшло, як няма бацькі. Але людзі яго ўсё роўна памятаюць. Мне здаецца, гэта дарагога варта.

Бацька не пакінуў мне ніякай матэрыяльнай спадчыны – кватэр, дач, рахункаў. Але пакінуў больш важныя рэчы: магчымасць вось такіх сустрэч з цікавымі людзьмі…»

Былы бізнесмен Сяргей Скрабец сябраваў з генералам Фраловым.

«Я часта яго ўспамінаю, – кажа Скрабец. – Да таго як Фралоў стаў хуліганіць у парламенце, у яго было вельмі шмат сяброў. Якія потым яго імкнуліся выхоўваць. Але на самай справе гэта ён многіх выхоўваў… Такіх людзей, як Фралоў, мала. Ён рэальна бяссрэбранік быў! У яго быў дом добры ў Гродне – ён яго прадаў і ўсё ўклаў у палітыку.

У Валерыя Фралова была магчымасць добра сядзець на беразе з вудай і, пакурваючы, паглядаць па баках. У яго была пенсія генеральская, потым – дэпутацкая. Здавалася б, што яшчэ трэба? А ён усё шашкай размахваў… Дарэчы, ён у свой час сам танкі прыстрэльваў. І страляць любіў…»

Палітык Мікалай Статкевіч таксама не першы год прыходзіць на турнір па стральбе, прысвечаны Валерыю Фралову.

«Шмат беларусаў – зашуганыя, – гаворыць Статкевіч. – А Фралоў быў адметны і каштоўны тым, што не быў зашуганы. Ён быў вольны, не сагнуты. Ён быў моцнай і гучнай асобай, ён ніколі не хаваўся.

Кажуць, што смеласць – гэта справа трэніроўкі. Але яшчэ і справа прыкладу. Фралоў даваў прыклад свайму асяродку. Без такіх прыкладаў зашуганасць робіцца нормай. Нам не хапае сёння вас, Валеры Дзмітрыевіч. І памяць пра вас – яна жыве!».

Пераможцам кубка па стральбе, прысвечанага Валерыю Фралову, стаў Зміцер Дашкевіч. Ён перамог адразу ў двух спаборніцтвах – і ў стральбе з пісталета, і ў стральбе з аўтамата. Сапраўдны снайпер!

Дарэчы, на турнір Зміцер прыйшоў з двума дзецьмі – пяцігадовай Марай і трохгадовым Давідам. Яны былі вельмі шчаслівыя, калі тату далі прызы.

Зміцер Дашкевіч – сапраўдны снайпер!
Фота прадастаўлена «Белгазетай»

«Другі дзень падарункі з рук не выпускаюць!» – смяецца Зміцер.

Газета “Народная Воля” № 90 (4445) за 15 лістапада

Поделиться ссылкой:


Мы есть в Telegram!
Подписывайтесь на наш канал «Народная Воля» в Telegram!