Надпіс на драўлянай скульптуры князя Вітаўта ў Гродне

Такім чынам гродзенскі гарвыканкам адрэагаваў на зварот грамадзян з патрабаваннем усталяваць у горадзе над Нёманам помнік вялікаму князю Вітаўту.

Петыцыя да гродзенскіх улад з’явілася пасля таго, як на рэканструкцыі была дэмантавана невялікая драўляная скульптура, якая знаходзілася паміж Старым і Новым замкамі. Яе мусілі дэмантаваць з прычыны таго, што тая частка, якая знаходзілася ў зямлі, струхнела. Скульптура гэта была ўсталявана напачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, яе падарыў гораду літоўскі скульптар.

За бюджэтныя грошы помнік Вітаўту пакуль ніхто ставіць не збіраецца
Драўляная скульптура князя Вітаўта ў Гродне

У звароце да ўлад гродзенцы нагадвалі, што горад не мае манументальнага помніка вялікаму князю Вітаўту, які кіраваў нашым краем амаль 40 гадоў і пры ім быў адбудаваны першы гродзенскі замак. Як аргумент, яны прыводзілі прыклады ўсталявання сёлета помніка Гедыміну ў Лідзе і Льву Сапегу ў Слоніме.

У адказ гродзенскія чыноўнікі напісалі, што “пасля правядзення работ па рамонту, якія будуць завершаны ў бягучым годзе, драўляную скульптуру вялікага князя Вітаўта плануецца ўсталяваць на першапачатковым месцы”.

Што датычыць манументальнага помніка вялікаму князю, то стварэнне такога помніка і правядзенне конкурсу магчымы толькі пасля вызначэння крыніц фінансавання і вызначэння заказчыка работ.

“Стварэнне і ўстаноўка помніка вялікаму князю Вітаўту за сродкі гарадскога бюджэту ў бліжэйшы час не плануецца”, — гаворыцца ў адказе чыноўнікаў.