“Народная Воля” распачынае публікацыю серыі артыкулаў з гісторыі Беларусі розных часоў: Савецкага Саюзу, Расійскай імперыі, Рэчы Паспалітай, Вялікага Княства Літоўскага. Гісторыя Беларусі цесна з’яднаная з гісторыяй суседніх народаў і краін: Польшчы, Літвы, Украіны, якія разам паўставалі на змаганне за сваю свабоду і незалежнасць. Хто былі героямі бітваў і паўстанняў, як складвалася знешняя і ўнутраная палітыка дзяржавы, чым жылі гарадскія жыхары і сяляне, як складвалася культура і побыт – у кароткіх нататках, складзеных паводле розных літаратурных крыніц і прапанаваных для публікацыі інтэрнэт-рэсурсам “Літвін”.

Першая і некалькі наступных публікацый прысвечаны Кастусю Каліноўскаму – нацыянальнаму герою нашых народаў і ягоным паплечнікам – паўстанцам 1863 года, перапахаванне якіх адбудзецца на могілках Росы ў Вільні 22 лістапада.

Кастусь Каліноўскі: нацыянальны герой Беларусі, Літвы і Польшчы.

«Каго любіш? — Люблю Беларусь! То ўзаемна»

Весткі аб пераможных кампаніях «чырвонакашулечнікаў» Гарыбальдзі прымушалі пецярбургскіх студэнтаў марыць пра блізкую свабоду. Трэба было толькі згуртаваць шэрагі і разгарнуць чырвоныя сцягі, каб пападалі ўсе манархіі Еўропы.

Хтосьці з студэнцкай моладзі не абмяжоўваўся аднымі марамі, а дзейнічаў. Пецярбургскія хлопцы аказваліся ў Сіцыліі, у Неапалі, дзе папаўнялі шэрагі гарыбальдыйцаў, якія змагаліся за адзіную Італію.

Кастусь Каліноўскі: нацыянальны герой Беларусі, Літвы і Польшчы
Джузэпэ Гарыбальдзі ў розныя эпохі: 1848 год (Венецыя), 1860 год (Сіцылія) і 1859 год (Ламбардыя)

Магчыма, і юны Кастусь Каліноўскі адправіўся б да паўднёвых мораў ваяваць з аўстрыйцамі. Але ён абраў іншы шлях. Яго дарога была звязана з роднай Літвой-Беларуссю, дзе таксама наспявала паўстанне. Апора паўстання, як меркаваў Кастусь, была ў простых Літвінах, якія працавалі на сціплых надзелах, каб пракарміць царскіх чыноўнікаў і генералаў.

Кастусь Каліноўскі: нацыянальны герой Беларусі, Літвы і Польшчы
Кастусь Каліноўскі — на фота 19 стагоддзя і ў сучаснай беларускай графіцы

Узначаліўшы Літоўскі правінцыйны камітэт, Каліноўскі абвясціў сваю праграму ў пракламацыі, якія хутка разышліся па ўсёй Літве-Беларусі. Галоўнай мэтай барацьбы абвяшчалася зямля і воля.

Але, акрамя палітычных мэтаў, Кастусь Каліноўскі прапаноўваў паўстанцам выразна распрацаваную тактыку ваенных дзеянняў. Змагацца з царскімі жаўнерамі партызаны павінны былі ўжо апрабаванымі ў сусветнай гісторыі метадамі герыллі.

Кастусь Каліноўскі: нацыянальны герой Беларусі, Літвы і Польшчы
Паўстанцы 1863 года

Беларуская герылля (так называлася вайна іспанцаў супраць Напалеона ў пачатку 19 стагоддзя) прадугледжвала, як думаў Каліноўскі, ўсенародны ўдзел. Паўстанцы не мелі права знаходзіцца на адным і тым жа месцы больш за суткі, у лясах яны павінны былі ўзводзіць апорныя пункты, дзе знаходзіліся склады са зброяй, харчаваннем і боепрыпасамі.

Перасоўваліся атрады імкліва.

Кожны атрад партызан меў сваю конную групу разведчыкаў. Менавіта такім чынам адбываліся дзеянні партызанскіх атрадаў на чале са Звяждоўскім на Магілёўшчыне.

Кастусь Каліноўскі: нацыянальны герой Беларусі, Літвы і Польшчы
Так чыталі ў беларускай глыбінцы лісты Каліноўскага

У Ігната Арамовіча ёсць мемуары, у якіх ён распавядае пра спосабы дзеянняў партызан Каліноўскага ў паўстанні 1863 года. Ён апісваў баі на Гарадзеншчыне. Шмат у чым тактыка партызан нагадвала спосаб дзеянняў, які ўжываўся беларускімі партызанамі ў 1940-я гады супраць нацыстаў.

Гэта каліноўцы разгарнулі так званую «рэйкавую вайну». Яны знішчалі станцыйныя склады, рухомы састаў на шляхах. Перарывалі тэлеграфную сувязь. Царскія ўлады былі вымушаныя выставіць вайсковыя падраздзяленні ўздоўж чыгуначных шляхоў «Варшава-Вільня».

Кастусь Каліноўскі: нацыянальны герой Беларусі, Літвы і Польшчы
Капітуляцыя атрада поўстанцаў царскім генералам

Вылавіць усіх партызан у лясах царскім генералам не ўяўлялася магчымым не толькі з-за недахопу воінскіх падраздзяленняў, але з-за лепшага ведання мясцовасці каліноўцамі. Паўстанцаў падтрымлівалі сяляне. У атрадаў Каліноўскага заўсёды знаходзіліся адважныя інфарматары, якія паведамлялі аб усіх рухах расійскіх войск.

Расійскім генералам даводзілася звяртацца да метадаў запалохвання. Казакі і драгуны часам самавольна вешалі падазроных сялян, якія лічыліся сувязнымі партызан.

Здараліся і масавыя акцыі запалохвання. Напрыклад, некаторыя хутары ці вёскі спальвалі з усімі пабудовамі. Прычым, карнікі зганялі ў прызначаную да падпальвання вёску ўсіх жыхароў акругі. Насельніцтва спаленых вёсак прызнавалася мяцежным і падлягала масавай высылцы ў Сібір.

Генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў у адказ на папрокі інтэлігентаў адказваў, што лепш ён засячэ ці вышле сотню нявінных, але затое тысячы бунтаўнікоў пакладуць зброю і змірацца перад воляй бацюшкі-цара.

Кастусь Каліноўскі: нацыянальны герой Беларусі, Літвы і Польшчы
Бюст Кастуся Каліноўскага ў Мінску

Не было літасці ў царскіх сатрапаў і да самога Кастуся Каліноўскага. Яго павесілі ў Вільні на Лукішскім пляцы. Падобнай кары былі прыгавораны сотні партызан. Але яшчэ большая частка апынулася проста перабіта і закатавана ў глухіх літвінскіх лясах ды балотах. Сярод загінуўшых патрыётаў Літвы-Беларусі былі не толькі адны палякі і літвіны, але і татары, яўрэі, рускія.

Ніхто не стане спрачацца з тым, што партызаны Каліноўскага былі сапраўднымі патрыётамі, барацьбітамі за вольнасць не толькі адной Літвы-Беларусі, але і ўсіх зямель, якія некалі ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Нездарма герб групы паўстанцаў уключаў у сябе тры часткі. Яны прадстаўлялі сімвалы трох дзяржаў. Белы арол сімвалізаваў Польшчу, Пагоня нагадвала пра Беларусь і Літву, а архангел Міхаіл паказваў на Русь (і Украіну). Пароль партызан сугучны і нашым сённяшнім думкам: «Каго любіш? — Люблю Беларусь! То ўзаемна!»

Кастусь Каліноўскі: Ліст з-пад шыбеніцы

«Браты мае, мужыкі родныя. З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіць мне да вас пісаці, і можа раз астатні. Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, — но не жаль згінуць за тваю праўду.

Прыймі, народзе, па шчырасці маё слова прадсмертнае, бо яно як з таго света толькі для дабра твайго напісана.

Няма ш, браткі, большага шчасця на гэтым свеце, як калі чалавек у галаве мае розум і навуку. Тагды ён толька магчыме жыці ў багацтве, папраўдзе, тагды ён толька, памаліўшысь Богу, заслужыць неба, калі збагаціць навукай розум, разаўе сэрца і радню цэлу сэрцам палюбіць. Но як дзень з ноччу не ходзіць разам, так не ідзе разам навука праўдзіва з няволяй маскоўскай. Дапокуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе, не будзе праўды, багацтва і ніякай навукі, — адно намі, як скацінай, варочаць будуць не для дабра, но на пагібель нашу.

Для таго, Народзе, як толькі калі пачуеш, што браты твае з-пад Варшавы б’юцца за праўду і свабоду, тады і ты не аставайся ззаду, но, ухапіўшы за што зможаш, за касу, сякеру, цэлай грамадой ідзі ваяваці за сваё чалавечае і народнае права, за сваю зямлю родную.

Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тады толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжо не будзе.

Твой слуга Яська-гаспадар з-пад Вільні»

Фота з сайта litvin.pl