Еўрарадыё знайшло верагодную фальсіфікатарку-недарэку, якая спрабавала ўкінуць стос бюлетэняў на выбарчым участку №37 у Брэсце. Анастасія Кулічкова працуе педагогам-псіхолагам у дзіцячым садку, які месціцца ў 50 метрах ад выбарчага ўчастака, дзе адбылося парушэнне.

Па нейкім супадзенні, старшыня ўчастковай выбарчай камісіі — Тацяна Аляксееўна Мосіна — дырэктарка гэтага дзіцячага садка.

Анастасія Кулічкова сёлета скончыла 4-ы курс сацыяльна-педадагічнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна. Можаце самі параўнаць дзяўчыну на відэа са здымкамі Анастасіі.

Дзяўчына з пачкам бюлетэняў на ўчастку ў Брэсце — хто яна?
Анастасія Кулічкова

У вучэбна-педагагічным комплексе “Дзіцячы сад-пачатковая школа №1 г. Брэста”, дзе працуе Кулічкова, Еўрарадыё распавялі, што яе няма на працоўнным месцы. Не адказвае і тэлефон Таццяны Мосінай — яе ў нас не атрымалася знайсці ні ў садку, і на выбарчым участку. Там, дарэчы, пачуўшы пра відэа з укідам, нас адразу перабілі: “Гэта вам да Таццяны Аляксееўны”.

Выбарчы ўчастак № 37 знаходзіцца ў Брэсцкай-Усходняй акрузе № 3, па якой вылучаецца дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анатоль Дашко. Сярод яго апанентаў — апазіцыянерка Ганна Канюс з БСДП (Грамада).

Дзяўчыну з пачкам бюлетэняў у руках заўважыў назіральнік Юрый Вашчанчук. Калі ён спыніў яе, яна ўжо выйшла з кабінкі для галасавання і ішла да скрыні, каб укінуць бюлетэні. Ад яго пытанняў дзяўчына разгубілася. Яна паглядзела ў бок сябраў выбарчай камісіі, якія параілі ёй сысці. Што яна і зрабіла. Па словах Вашчанчука, “Выйдзіце, выйдзіце!”, якое можна пачуць на відэа, сказала дзяўчыне акурат старшыня камісіі Таццяна Мосіна.

Назіральнік будзе падаваць заяву пра гэты інцыдэнт у акруговую выбарчую камісію.