Генадзь Давыдзька / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Сенатар Генадзь Давыдзька ў эфіры Еўрарадыё прапанаваў «што-небудзь адсякаць» тым, хто фальсіфікуе выбары. Давыдзька шчыра верыць, што выбары ў Беларусі праводзяцца сумленна. А заявы пра махлярства лічыць неабгрунтаванымі, пакуль каго-небудзь на гэтым не зловяць і не асудзяць.

«Я чалавек жорсткі, прыхільнік такіх метадаў, якія ніхто не дазволіць мне… За крадзеж адсякаў бы руку. І ўсё — проста руку б адсякаў! І няхай чалавек працуе адной рукой, кім зможа, — заявіў Генадзь Давыдзька. — За мухляж на выбарах я б таксама што-небудзь адсякаў. Не дай бог я даведаюся! Кажуць — ёсць. Злавіце, судзіце, рабіце прыклад — а як яшчэ даведацца?!»

Выбары ў Беларусі суправаджаюцца выдаленнем незалежных назіральнікаў з участкаў. Ім забаронена фатаграфаваць на ўчастку без згоды ўсіх сяброў выбарчай камісіі (сярод якіх амаль заўжды знаходзяцца нязгодныя). Парушэнняў, якія фіксуюцца назіральнікамі, выбаркамы не прызнаюць.

Кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька балатуецца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Усходняй выбарчай акрузе №107 у Мінску. Выбары дэпутатаў пройдуць 17 лістапада. З 1996 года ЕС, АБСЕ і ЗША не прызналі дэмакратычнай ні адной выбарчай кампаніі ў Рэспубліцы Беларусь.